Вы тут

Па "тэрарыстычным" артыкуле расіяніна Андрэя Паднябеннага асудзілі на 15 гадоў

Андрэй Паднябенны

У Гомельскім абласным судзе 30 чэрвеня абвясцілі прысуд 33-гадоваму мясцоваму жыхару Андрэю Паднябеннаму, паведамляюць праваабаронцы. Мужчына мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Паднябеннага абвінавацілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму). 

У яго справе фігуравалі падпал машыны начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэнне і адміністраванне ТГ-канала і ТГ-чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі, а таксама падпал крана на будоўлі ў 2019 годзе.

Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў гамельчуку 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пад вартай Паднябенны знаходзіцца з 5 лістапада 2021 года. 

23 траўня КДБ унёс яго ў "спіс тэрарыстаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.