Вы тут

Абараніць дамы і скверы будзе цяжэй? Грамадскае абмеркаванне чакаюць перамены

Ці небяспека перабольшаная? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Урбаністы абурыліся прапановай Саўміна змяніць парадак грамадскіх абмеркаванняў. Коратка грамадскі актывіст Дзяніс Кобрусеў растлумачыў магчымыя змены так: калі яны будуць прынятыя, мы адкоцімся на 5-10 гадоў назад.

Гэта значыць, у часы, калі пратэставаць супраць забудовы ці зносу можна было толькі праз збор подпісаў і розгалас у медыя, кажуць актывісты. Пакуль жа ў іх ёсць на гэта больш-менш просты інструмент супрацы ў форме камісіі.

Але якая розніца, ці ёсць камісія, калі права голасу ў грамадзян усё роўна не забяруць? Ці заўсёды прапановы актывістаў слушныя? Мы намагаліся разабрацца з гэтым у гутарцы з экспертамі.

Ці падабаюцца ўласна вам такія змены? З 26 снежня па 3 студзеня грамадскасць і эксперты маглі выказацца на форуме Нацыянальнага прававога партала Беларусі. 
 

Дзяніс Кобрусеў: меней часу і меней шанцаў

Першая і вельмі істотная змена — тэрміны, якія даюцца беларусам на тое, каб паўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні праекта. Паводле актуальнага заканадаўства, у грамадскасці ёсць 25 каляндарных дзён для таго, каб азнаёміцца з праектам, сфармуляваць сваё меркаванне і выказаць яго. Цяпер гэты тэрмін значна скарачаецца — на ўсё застаецца толькі 15 дзён.

— Гэта значнае скарачэнне. Напрыклад, калі гаворка будзе ісці пра абмеркаванне генеральных планаў, у якіх надта шмат інфармацыі. Я не ўяўляю, як генеральны план на шмат старонак можна за 15 дзён паглядзець, прааналізаваць і выказаць меркаванне.

Дзяніс Кобрусеў

Суразмоўнік Еўрарадыё называе і другую праблему прапанаваных зменаў. Зацікаўленае мясцовае насельніцтва можа проста не трапіць у камісію па абмеркаванні.

— Раней грамадскія абмеркаванні адбываліся ў некалькіх формах. Адна з іх — камісія. Калі разглядаецца, напрыклад, праект, што закранае інтарэсы людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Людзі — ці проста грамадскасць, ці бізнес — маглі вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад гэтай камісіі. То-бок яны мелі ў камісіі свой голас. У прапанаваных зменах грамадскае абмеркаванне ў форме камісіі проста выкінута. Таму можна сказаць, што цяпер у простых грамадзян забралі права прымаць рашэнні, — тлумачыць спецыяліст.

Права пакінуць свае заўвагі пад праектам, праўда, у людзей ніхто не адбярэ. Але ж эксперт упэўнены, што, выкрасліўшы камісію як форму працы, людзям усё ж пакідаюць не толькі менш часу на само абмеркаванне, але і менш шанцаў на ўдзел у ім.
 

Каму дапамаглі гэтыя вашыя “грамадскія абмеркаванні”?

Насамрэч прыкладаў, калі па выніках абмеркавання людзі змаглі адстаяць свае правы на горад, даволі шмат. Кобрусеў кажа, што за апошнія некалькі гадоў у сувязі з палітычнымі падзеямі гэтая тэма крыху выйшла з парадку дня. Але ж лёгка можна прыгадаць, як мінчукам удалося адстаяць Асмалаўку.

Асмалоўка / старонка "Асмалоўкі" у Facebook

— Тады на аснове грамадскага абмеркавання ўдалося стварыць рэзананс, падрыхтаваць заўвагі. У выніку праект быў адпраўлены на дапрацоўку, з якой ужо і не выйшаў, — нагадвае суразмоўнік Еўрарадыё.

Яшчэ адзін прыклад — людзі ў часе грамадскага абмеркавання выказваліся супраць пашырэння корпуса Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў і дамагліся перамогі над праектам.

З новай жа рэдакцыяй палажэння мы вяртаемся ў 2011–2013 гады, калі таксама дзейнічала не вельмі дасканалая працэдура грамадскіх абмеркаванняў, якую ўдасканальвалі з удзелам актывістаў.

— Памятаеце, як гадоў дзесяць таму амаль кожны тыдзень з’яўляліся навіны пра ўшчыльненне Мінска? Тады грамадскія абмеркаванні праводзіліся, але гэтая працэдура была яшчэ непрапісаная, недасканалая, яна не магла вырашыць канфліктных сітуацый. Людзям заставалася толькі збіраць подпісы і прыцягваць увагу СМІ. Жыхарам было патрэбнае права голасу.

І пад уплывам пратэстаў працэдура змянілася. “Тады ўсё ж лічыліся з тым, што жыхары пратэстуюць”, — зазначае Кобрусеў.

Грамадскія арганізацыі рыхтавалі змены ў працэдуру грамадскага абмеркавання, праводзілі некалькі раундаў перамоваў з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва на ўзроўні намесніка міністра. І хоць не ўсе, але многія з прапанаваных актывістамі пунктаў былі разгледжаныя, прынятыя, а сама працэдура рэальна палепшаная.

Што застанецца, калі цяпер змены будуць прынятыя, а працэдура адкіне нас на 5-10 гадоў назад? Кобрусеў кажа, што застанецца дзейнічаць тымі самымі метадамі, якімі актывісты дзейнічалі тады, калі быў важны толькі рэзананс, канфлікт і абурэнне жыхароў. Але як гэта спрацуе ў часы, калі абурэнне па-за законам, невядома.
 

“Галоўнае — канструктыўна, а не проста “хачу тут парк”

У арганізацыі “Мінскграда” казалі пра камісію так: яе роля некалькі перабольшаная, права голасу ў людзей ніхто не адбірае, пакуль застаецца сам працэс грамадскага абмеркавання.

Пасля публікацыі праекта людзі, прынамсі, могуць выказаць прапановы. І ўвогуле кажучы, няма розніцы, ці робяць яны гэта ад свайго імя, ці ў форме камісіі.

— Галоўнае, каб прапановы былі слушнымі, а не проста “я хачу тут парк, я хачу тут сквер”. Слушныя прапановы прымаюцца. А часам пасля размовы з людзьмі разумееш, што, акрамя злосці, ніякіх канкрэтных прапановаў у іх няма.

“Хачу тут лес!” / pixabay

Сябра камісіі: “Мы маглі дамагчыся адмены зносу прыватнага сектара”

Грамадскі актывіст ва ўрбаністыцы Ігар Хмара быў сябрам той самай камісіі, якую выкінулі з патэнцыйнай новай рэдакцыі дакумента.

Ён зазначае: калі ўжо казаць шчыра, дык і раней удзел грамадзян у грамадскіх абмеркаваннях нагадваў незабыўны квэст. І ўсе дасягненні грамадскіх актывістаў адбываліся хутчэй насуперак, чым дзякуючы добра прапісанаму заканадаўству.

Але ж цяпер ім будзе яшчэ складаней абараніць свае правы.

Працэс грамадскага абмеркавання выглядае так: спачатку ў мясцовым органе выканаўчай улады (напрыклад, адміністрацыі раёна) праходзіць прэзентацыя праекта, потым грамадзяне могуць даслаць свае заўвагі і прапановы да яго. Калі паступаюць заяўкі ад мясцовых жыхароў ці бізнесу, тады ўжо пасля правядзення грамадскага абмеркавання можа быць сабраная камісія, якая абмяркуе тыя самыя заўвагі і прапановы.

Ігар Хмара / realt.by

— У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі УП “Мінскграда”, камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва, профільныя арганізацыі, эколагі, прадстаўнікі адміністрацыі раёна — прадстаўнікі ініцыятыўных груп. На маёй памяці чыноўнікі і камунальныя інстытуцыі заўжды мелі колькасную перавагу. І ў выніку праект звычайна лічыўся прынятым — але з заўвагамі і прапановамі.

Пасля ён паступаў “наверх”, праходзіў дзяржаўную экспертызу, і падчас экспертызы часам змяняўся. Але назад на грамадскае абмеркаванне ён ужо не паступаў, то-бок грамадзяне не маглі даведацца, што там змянілі.

Пры ўсіх хібах гэта была нізавая дэмакратыя. Яе ціснулі, актывістаў адмаўляліся ўключаць у склад камісіі, грунтуючыся часам на смешных падставах: маўляў, вы тут ўказалі ініцыялы замест поўнага імя. Але тым не меней час ад часу актывістаў уключалі ў камісію, і мы маглі дамагчыся пераносу грамадскага абмеркавання, дапрацоўкі праекта і нават адмены зносу прыватнага сектара. Гэта лакальныя поспехі, але яны былі магчымыя.

Часта спрацоўваў эфект нечаканасці. Дасведчаныя праекціроўшчыкі, што прыходзілі на камісію ад дзяржаўных установаў, проста не чакалі, што супраць іх выступяць дасведчаныя грамадзяне.

— Напачатку думалі, маўляў, вось зараз мы ім як бабуля дзіцяці штосьці патлумачым, а пасля камісіі выходзілі часам з чырвонымі тварамі. Таму што дасведчаныя грамадзяне сваімі нязручнымі пытаннямі і спасылкамі на нарматыўку ставілі іх на месца, выкрываючы грубыя памылкі ў тлумачальнай запісцы да праекта.

Паводле новай — пакуль яшчэ патэнцыйнай — рэдакцыі, грамадзяне ўсё яшчэ змогуць пакідаць свае заўвагі і прапановы. На іх абавязаныя будуць рэагаваць. Дык у чым жа розніца? Нашто тая камісія?

Працэс грамадскага абмеркавання / realt.by

Па-першае, заўвагу, напісаную простай чалавечай мовай, праз зразумелыя, але недакладныя тэрміны могуць папросту не разгледзець, кажа Ігар.

— Па-другое — на камісіі свае прапановы можна было агучыць вербальна, перадаць непасрэдна распрацоўшчыкам праекта, дэпутатам, размаўляць з імі твар у твар. Сябра камісіі — гэта пэўны статус. Так, пры галасаванні грамадскія актывісты апынуцца ў мінусе, але ж можна працягваць змагацца ў перапісцы, падымаць розгалас у СМІ.

Цяпер жа, калі змены прымуць, заўвагі грамадзянаў проста апублікуюць пад пратаколам. І што? Яны не абавязковыя для выканання.

Ёсць у новым праекце і плюсы: можа быць уведзенае паняцце архітэктурна-будаўнічага савета. Але ж ён зазначае, што ніякіх падрабязнасцяў пра тое, што гэта за савет і хто ўваходзіць у яго склад, у дакуменце няма.
 

Чаму варта было б абавязаць адміністрацыю дасылаць эсэмэскі

А вось адна з галоўных прэтэнзій Ігара да праекта: з яго вынікае, што мясцовыя ўлады як былі, так і будуць незацікаўленымі ў інфармаванні грамадзянаў. Гэта не значыць, што ўсё хаваецца пад грыфам “Для службовага карыстання”. Хоць хаваецца шмат, зазначае Ігар. Але ж прыкладаць нейкія звышвысілкі дзеля таго, каб растлумачыць грамадзянам, што адбываецца з горадам, праект не абавязвае.

Інфармацыя пра грамадскае абмеркаванне публікуецца на старонцы мясцовай адміністрацыі ў сеціве — але ж да яе трэба яшчэ дабрацца, пераадольваючы эрганоміку дзяржаўных сайтаў. Таксама яе павінны апублікаваць у медыя — але што гэта за медыя, не вызначана.

— На якіх медыя? Дзе? Гэта ўсё мае вырашаць адміністрацыя раёна. Але калі няма пэўных нормаў, калі не зазначана, што інфармацыя павінная вісець на кожнай браме прыватнага дома, на кожным пад’ездзе шматпавярховай забудовы, а яшчэ лепш — што яе трэба даслаць у форме СМС-паведамлення, — адміністрацыя вырашыць гэтыя пытанні на свой густ.

У дакуменце няма і ніякіх патрабаванняў для таго, каб працэс грамадскага абмеркавання быў максімальна дасяжны, максімальна інфарматыўны. То бок грамадзяне, калі ўжо хочуць удзельнічаць у абмеркаванні, павінныя займацца самаадукацыяй, каб размаўляць з забудоўшчыкамі і мясцовымі ўладамі на адной мове.

— Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб грамадзяне былі добра інфармаваныя. Нават калі вы даберацеся да інфармацыі, прааналізаваць яе, апрацаваць, скласці дарэчныя заўвагі — гэта вельмі складаная праца. Трэба ведаць шэраг дакументаў, ад Канстытуцыі да будаўнічых нормаў і тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Шараговаму грамадзяніну ўсю гэтую нарматыўную базу вельмі няпроста ўсведамляць, таму, нават калі штосьці выкладваецца на агульны доступ, тлумачыць вам гэта, дапамагаць зразумець ніхто не збіраецца.

Можна параўнаць з вопытам Нідэрландаў: там ёсць медыятар, што служыць пасярэднікам паміж грамадзянамі, муніцыпалітэтам и дэвелаперам. Ён дапамагае дасягнуць кампраміснай сітуацыі “win-win”. У нас жа на адным баку — мясцовая ўлада, заказчык, распрацоўшчык праекта і забудоўшчык, а на іншым — грамадзяне.

Такая сітуацыя нават супярэчыць таму курсу, што апошнія дзесяць год аб’яўляла дзяржава: маўляў, трэба скарачаць дыстанцыю паміж уладай і насельніцтвам. Тым не меней мы бачым, што новы праект пастанаўлення, што тычыцца грамадскага абмеркавання, ідзе ў адваротным кірунку.

Не тое каб грамадзянам не пакідалі выйсця. Яны могуць зладзіць і незалежную экспертызу. Але рабіць яе трэба за ўласны кошт — гэта значыць скідвацца на правядзенне гэтай працэдуры. Але Ігар зазначае, што тэрміны, якія даюцца на яе правядзенне, надта сціслыя: да 10 каляндарных дзён.

— Аўтары заканапраекта спасылаюцца на аптымізацыю, але насамрэч аптымальны тэрмін такі: месяц на публікацыю праекта ў СМІ і запрашэнне грамадзян, месяц на грамадскае абмеркаванне з публічнай прэзентацыяй, месяц на заўвагі і прапановы, камісію і экспертызу.
 

Каму гэта выгадна?

Ігар лёгка вызначае катэгорыю тых, хто прайграе: прайграюць грамадзяне. Ім будзе цяжэй абараніць свае дамы ад зносу, а скверы — ад высечкі. А вось бенефіцыяраў такіх зменаў знайсці даволі складана.

Мінск / Sergey_Nik_Melnik

— Хто выйграе? Наўрад ці можна назваць пэўны бок. Хутчэй за ўсё, гэта проста лагічнае развіццё падзей, якія мы назіраем апошнія гады. Доказаў тэорыям змовы, нібыта “Мінскграда” працуе у карупцыйнай звязцы з забудоўшчыкамі, няма, — кажа наш суразмоўнік.

Ён абараняе і спецыялістаў “Мінскграда”: не варта казаць, што там працуюць выключна дылетанты — гэта не так.

— Там ёсць вельмі дасведчаныя спецыялісты, вопытныя прафесіяналы, з імі можна знайсці агульную мову. І я думаю, “Мінскграда” будзе не ў захапленні ад зменаў. У дзяржаўных праекціроўшчыкаў і так не самая добрая рэпутацыя (хоць часткова і заслужаная), а цяпер іх тым болей будуць скланяць на ўсе лады. Спілуюць старое трухлявая дрэва — таксама будуць вінаваціць "Мінскграда". Каму ад гэтага плён? Нікому.

Тым болей што “Мінскграда” як распрацоўшчык толькі выконвае загад заказчыка — камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Вось да чыноўнікаў ад архітэктуры непрыемных пытанняў значна болей.

А што забудоўшчыкі? Ім стане прасцей працаваць, бо актывістам будзе цяжэй дацягнуцца да хібаў у іх праектах.

— У нас забудоўшчыкаў вельмі любяць называть “інвестарамі”, але гэтае слова за апошнія гады стала амаль што лаянкавым сярод грамадскіх актывістаў. Але ж гэтыя праекты прыносяць профіт бюджэту: я маю на ўвазе менавіта не “хабар”, а інвестыцыі. Аднак хіба інтарэсы жыхароў, патрэба ў камфортным атачэнні не важнейшыя за матэрыяльную выгаду? Зрэшты, менавіта гараджане напаўняюць бюджэт сваімі падаткамі.

І так, калі праект пастанаўлення прымуць, забудоўшчыкам будзе прасцей прасоўваць свае праекты — тыя, што карысныя для бюджэту, але разбураюць архітэктурнае аблічча горада, парушаюць горадабудаўнічыя традыцыі, ускладняюць перасоўванне і псуюць экалогію. Гэта пытанне не мастацкага густу, але здаровага сэнсу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.