Някляеў падарыў Вайцюшкевічу торбу з грашыма, Арлоў – канверт. Так модна

“Ты ніколі не будзеш маладзейшым, чым у гэтую хвіліну”, ― папярэджвалі Змітра Вайцюшкевіча беларускія паэты, якія прыйшлі павіншаваць музыку з 39-м Днём нараджэння. Традыцыйным сольным канцэртам адзначыў Вайцюшкевіч свой Дзень нараджэння ў КЗ “Мінск”, толькі гэтым разам ужо ў вялікай зале, якая была запоўнена гледачамі амаль на 80 адсоткаў.

Вайцюшкевіч стаў дарослым мужам, які дакладна ведае сакрэт поспеху ў творчасці. Песні ў яго выкананні часам гучаць на мяжы драматызму і трагічнасці. Музыка натуральна ператвараецца ў акцёра, робячы з песень невялічкія спектаклі-замалёўкі, тым самым даючы вядомым песням магчымасць новага жыцця. Яшчэ Вайцюшкевіч умее выхоўваць. Добры густ, беларускасць, любоў да паэзіі… Цяпер Зміцер навучыўся размяжоўваць, дзе і што трэба казаць, і дзе і як трэба сябе падаваць. І публіку ён “захапіў” правільную, сваю, адданую…


Карацей, канцэрт быў душэўным. Вайцюшкевіч граў адзін пад свой гітарны акампанемент. Трымаў залу, прымушаў шморгаць носам жанчын ды ціхенька падпяваць прысутных любімыя песні.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Я вельмі вам удзячны проста за тое, што вы прыйшлі, што мы  разам! Няма такога артыста Вайцюшкевіча асобна. Але з вамі, з вамі разам мы спяваем ціха. Дзякуй вялікі! Святкуйце свае дні народзінаў, і на мой прыходзьце!”



Часам на сцэну выходзілі музыкі WZ-orkiestra – Андрэй Лабчэўскі і Алег Івановіч – упрыгожвалі сваімі партыямі больш складаныя вайцюшкевіцкія кампазіцыі. Былі і госці. Першай з’явілася адна з найлепшых (калі не найлепшая) беларуская джазавая спявачка Яўгенія Лятун. Вельмі хочацца бачыць Яўгенію часцей на вялікіх сцэнах Мінска, каб яе талент і прыгажосць заўважылі як мага болей людзей, а не толькі заўсёднікі мінскіх кабачкоў ды рэстаранаў…


А яшчэ на сцэну выйшлі тры волаты беларускай літаратуры – Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў і Генадзь Бураўкін. Яны даваліся дзіву, як у іх жыцці некалі не было Вайцюшкевіча, і дарылі музыку вершы і падарункі.

Уладзімір Арлоў: “Добры вечар! Я падарыў канверцік. Модна (усе смяюцца). Дарагі Зміцер. Ты сказаў, што ўжо не вельмі малады. Але ты павінен зразумець, што больш маладым, чым у гэтую хвіліну ты больш ніколі не будзеш!”

Пасля тваіх званкоў мяняецца надвор’е,
капель звініць альбо кладзецца снег.
Завею або знічку неба дорыць
І воўк лапландскі паскарае бег…

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў прэзентаваў Вайцюшкевічу торбу “з грашыма на касцюм харошы”, і вершы, сярод якіх – традыцыйная ўжо “Яблонская”:

Бывай, Яблонская, бывай, прабегла восень па фальварку,
І графіка такая ў парку, хоць парк у раму забірай,
Бывай, Яблонская, бывай...

Ружа, якую паднёс імянінніку Генадзь Бураўкін, ад музыкі ды песень апусціла галаву. Паэт чамусьці пажадаў артысту пачываць замест лаўраў на ружах і дадаў:

Генадзь Бураўкін: “Гэта сапраўды асоба, і гэта сапраўды яскравы талент у нашым беларускім жыцці: не проста на сцэне,не проста на эстрадзе, а ў духоўным беларускім жыцці. Ён сёння дзеліцца радасцю. Шчодры чалавек! Ён кліча людзей сюды, каб падзяліцца з імі радасцю, што ён жыве, што ў яго столькі сяброў, што ў яго яшчэ колькі наперадзе, і што нават калі аднекуль падае голас ягоны Язэпка, гэта надае яму толькі сілы і ніколькі не перабівае яго голасу”.

Генадзь Бураўкін

Генадзь Мікалаевіч нядаўна выдаў кнігу “Лісты да запатрабавання” і падарыў Змітру і слухачам некалькі свежых вершаў.

Генадзь Бураўкін: “Смуроднай гарачынёю патыхае асфальт праспекта,
На ягоным бяздымным кастры я, здаецца, ужо дагараю.
Раптам усё разумею – гэта нас прывучаюць да пекла
Бо хто ж і завошта, скажыце, нас запросіць да Раю?”


Усё скончылася папуры ад “Пані трошкі ў гадах” да “Я нарадзіўся тут” і “Сцяга”. Спявалі ўсе.



А гэта пажаданні Змітру Вайцюшкевічу ад прыхільніц яго творчасці:

Адна “Пані трошкі ў гадах” пажадала: “Здароўя яму, яго жонцы, яго дзіцяці. Каб былі творчыя поспехі ў далейшым жыцці, і ўсяго самага найлепшага.

Іншая “Пані” таго ж статусу далучылася: “Я далучаюся. Няхай яму спадарожнічае ўдача, няхай муза яго не пакідае, дабрабыту, здароўя, усяго найлепшага”.

А трэцяя “Пані трошкі ў гадах” сказала так: “Ой, вы ведаеце, вельмі добры канцэрт. Я з задавальненнем слухала, атрымала проста дзіўную асалоду. Вялікі дзякуй Змітру, што ўсё на беларускай мове. Так прыгожа, з такімі эмоцыямі! Нізкі-нізкі яму паклон!”




Землякі віншуюць артыста




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі