Вы тут

Новыя аўдыёкнігі па-беларуску: Арлоў, Глобус, Бахарэвіч і іншыя

Вокладкі запісаных аўдыёкніг

У Беларусі паболела на шэсць аўдыёкніжак. З ініцыятывы Беларускага ПЭН-цэнтра яны запісаныя ў студыях радыё “Свабода” і Еўрарадыё на творы сучасных пісьменнікаў з кароткага спісу мінулагодняй прэміі Гедройца:

 

“Танцы над горадам”, Уладзімір Арлоў

“Сабакі Эўропы”, (частка “Мы лёгкія, як папера”), Альгерд Бахарэвіч

“Забойца анёла”, Вінцэсь Мудроў

“Сям’я” (раман “Дом”), Адам Глобус

“Беларусалім” (частка “Ноч нараджэння”), Павел Севярынец

“На заснежаны востраў” Анка Упала

У працэсе выявілася, што запісваць аўдыёкнігі — вялікая і даволі цяжкая праца. Яе рабілі для вас тэхнічныя каманды радыё “Свабода” і Еўрарадыё (рэспект нашым гукарэжысёрам), а таксама Зміцер Бартосік (кнігі Уладзіміра Арлова, Адама Глобуса і Вінцэся Мудрова), Сяргей Шупа (першая частка кнігі Альгерда Бахарэвіча), Паліна Дабравольская (раман Анкі Упалы) і Павел Клёк (частка рамана Паўла Севярынца). Каардынатарка праекта — Дар’я Бялькевіч.

“Гэта пілотны праект. Спадзяюся, ён будзе працягвацца, — кажа Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра. — Мы б хацелі, каб такім чынам сучасная беларуская літаратура стала даступная для людзей з інваліднасцю па зроку, для тых, хто вучыць мову, а таксама і для шырокай аўдыторыі, якая больш любіць слухаць, чым чытаць”.

“Кніга, з якой давялося працаваць мне, мела пэўныя асаблівасці, што адначасова і ўскладняла задачу, і рабіла яе больш цікавай, і вымушала эмацыйна прывязвацца да кнігі. Крышачку, на паўкніжачкі, нырнуць у такі тэкст без магчымасці проста "прабегчы вачыма" — адназначна цікавы досвед”, — дзеліцца ўражаннямі акцёр агучкі Павел Клёк.

Сёлетніх лаўрэатаў прэміі Гедройца ўзнагародзяць 25 верасня ў прасторы ZAL#2, што ў мінскім Палацы мастацтваў. Пачатак цырымоніі — а 19-й.