Новае метро: жыхароў знесеных дамоў паселяць ва Уруччы і Каменнай горцы

Два дамы ў раёне будучай станцыі “Вакзальная” збіраюцца руйнаваць ужо праз тыдзень.

“Перасяляем туды, дзе ёсць сацыяльнае жыллё. Зараз ёсць ва Уруччы, на Каменнай горцы, на Філімонава”, — расказваюць Еўрарадыё ў Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэну. Усяго з-за трэцяй лініі метро знясуць 29 дамоў.

Напрыклад, пад знос пойдзе адзін  дом па вуліцы Сенніцкай, нездалёк будзе станцыя метро “Кавальская Слабада”. Жыллё даюць не большае за норму.

“Умоўна кажучы, на 100 квадратах жывуць два чалавекі. Значыць, мы даём кожнаму па норме — 20 квадратаў. Але бывае і інакш, калі на 10 квадратах прапісана шэсць сем’яў”, — расказваюць Еўрарадыё ў дырэкцыі.

Знос прыватных дамоў апісаны ва ўказе прэзідэнта “Аб некаторых мерах па абароне маёмасных правоў пры выманні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб”

“Агульная плошча павінна вызначацца, зыходзячы з разліку не менш як 15 квадратных метраў на самога ўласніка і кожнага члена яго сям'і”, — гаворыцца ва ўказе.

Да таго ж плошча кватэры мусіць быць не меншай за плошчу дома, які знеслі. А калі кватэра выходзіць танней, чым прыватны дом, гаспадару мусяць выплаціць кампенсацыю, вынікае з Указу.

А калі знесены дом — не прыватны, а службовы ці ўзяты ў арэнду, то кватэру дадуць на тых жа ўмовах з разліку 15-20 квадратных метраў на чалавека.

Кіруемся ў раён прыватнага сектару па вуліцы Сенніцкай, дзе будуць зносіць дамы. Сярод старых і ўжо зусім кволых драўляных дамкоў тут трапляюцца сучасныя прышпільныя хаты з абсталяванымі падворкамі і спадарожнікавымі антэнамі.

Першы сустрэчны — мясцовы жыхар Барыс — пра знос дамоў ведае яшчэ з 1975 году.

“Даўно гэтыя дамы пад знос запісаныя. Яшчэ ў 1975-м годзе вядома было. Але пакуль невядома, будуць іх зносіць пад метро ці потым”, — расказвае мясцовы.

Два дамы на перакрыжаванні Сенніцкай і Быхаўскай ужо пустыя.

“Кватэры ім далі на Каменнай горцы. Здаецца, нармальныя”, — дзеліцца іншы мясцовы Васіль. Праўда, дамы вызвалілі не пад метро, а пад іншую будоўлю. А з-за метро тут плануюць знесці толькі адзін дом.

За знесены дом можна атрымаць не толькі кватэру, але і грашовую кампенсацыю, гавораць у “Мінскметропраекце”:

“Хтосьці бярэ грашыма, хтосьці зямлю і грошы, каб збудаваць. Часам некалькі варыянтаў прапануюць з таго жылля, якое ёсць у найменні”.

І тыя, хто хоча атрымаць грошы замест жылплошчы ў спальным раёне за знесены дом, ужо ёсць. Але ахвотных да кватэры ўсё ж больш.

Каб атрымаць грошы за дом, гаспадарам трэба звяртацца да ацэншчыкаў, дадаюць у “Мінскметропраекце”. І гэта мусяць быць не прыватнікі, раяць скарыстацца паслугамі дзяржаўнага інстытута “Белгіпразем”.

Нагадаем, пачаць будаваць трэцюю лінію метро плануюць сёлета. Усяго ў Мінску мусіць з’явіцца 14 новых станцый. Першымі пачнуць будаваць станцыі “Вакзальная”, “Юбілейная плошча”, “Кавальская Слабада” і “Плошча Францішка Багушэвіча”.

Фота: raskalov_vit.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі