Мінчук завяшчаў дзве кватэры аднаму з міністэрстваў

Дзверы ў кватэру, ілюстрацыйнае фота

Дзверы ў кватэру, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Суд Заводскага раёна Мінска прызнаў законнай перадачу аднаму з міністэрстваў права ўласнасці на дзве сталічныя кватэры. Ведамству яшчэ пры сваім жыцці завяшчаў іх памерлы мужчына.

Мінчук памёр у студзені 2024-га. Пасля яго засталіся дзве кватэры — на вуліцах Убарэвіча і Чырвонаслабодскай. Выявілася, што нерухомасць ён за два гады да смерці завяшчаў дзяржаўнаму ведамству, склаўшы дакумент у натарыуса.

У ліпені 2025-га яго стрыечная сястра хацела пераняць спадчыну, але натарыус ёй адмовіў. Жанчына звярнулася ў суд, каб прызнаць тастамент несапраўдным. Яна сцвярджала, што мужчына ў момант складання дакумента не мог разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Пасмяротная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза выявіла, што мінчук пакутаваў на арганічны разлад асобы і залежнасць ад алкаголю. Але даказаць, што гэта паўплывала на яго рашэнне пры падпісанні завяшчанне, эксперты не змаглі. Доктар, суседзі і натарыус таксама засведчылі, што ў той перыяд мужчына быў у яснай свядомасці і прыкмет неадэкватных паводзін у яго не заўважалі.

У выніку суд адмовіўся прызнаваць тастамент несапраўдным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.