Ніхто не паскардзіўся ў “Мінск-Свет” на расійскі сцяг у акне. А пост пра яго выдалены

“Мінск-Свет”

“Мінск-Свет” / Threads

Арганізацыя, якая абслугоўвае жыллёвы комплекс “Мінск-Свет”, не атрымала ніводнай скаргі на расійскі сцяг, вывешаны ў акне аднаго з будынкаў жылога комплексу. “Жыхары пакуль да нас не звярталіся па гэтым пытанні”, — адказалі Еўрарадыё ў арганізацыі “Хэпі Планет”, якая абслугоўвае дамы ў ЖК “Мінск-Свет”.

Фота з расійскім трыкалорам у Мінску 22 красавіка апублікавала карыстальніца Threads polinaperesetskaya. Пост не пакінуў людзей абыякавымі. За суткі ён сабраў каля 4,5 тысячы каментароў і каля 10 тысяч падабаек.

Між іншым, людзі пісалі пра парушэнне супрацьпажарнай бяспекі і пра тое, што іншыя сцягі, вывешаныя ў вокнах, міліцыя расцэньвае як “несанкцыянаванае пікетаванне”. Але афіцыйна на расійскі сцяг ніхто не паскардзіўся. А вірусны пост на гэты момант выдалены.
 

Першы раз чуюць

Пад выглядам занепакоенай беларускі, якая заўважыла пост у Threads, Еўрарадыё датэлефанавалася да “Хэпі Планет”. У адказ на пытанне нам расказалі, што першы раз чуюць пра расійскі сцяг у акне і не ведаюць, ці вісіць ён да гэтага часу.

Высветліць, ці парушае сцяг правілы бяспекі, па фотаздымку немагчыма: трэба ведаць дакладны адрас, каб спецыялісты пад’ехалі і абследавалі месца. Але “Мінск-Свет” — велізарны квартал, а ў шматпавярховіка з фотаздымка ёсць яшчэ сем дамоў-клонаў на той жа вуліцы. І вызначыць дакладны адрас у нас не атрымалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.