Некалькі пандэміяў выявіў Лукашэнка ў Беларусі

"Наклалася на гэта палітычная пандэмія ў сувязі з выбарамі, эканамічная пандэмія (крызіс ва ўсім свеце не наша віна, бяда наша)".
На сустрэчы са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам кіраўнік Беларусі заклікаў падтрымліваць парадак падчас выбарчай кампаніі.
"Мы не павінны дапусціць, каб рознага роду хеўры і банды крымінальнікаў блукалі па краіне з закасаным рукавамі: людзі, крый божа, падумаюць, што гестапа вярнулася, вайна пачалася. Вось гэтага мы дапусціць не павінны", — перадае БЕЛТА словы Аляксандра Лукашэнкі.
Ён заявіў, што звяртаўся з гэтай нагоды да вайскоўцаў: "Я ўжо вайскоўцам казаў: адзін буду супраць іх (шаек і бандаў. — БЕЛТА) змагацца, калі трэба. Хоць у нас хапае людзей у пагонах, якія здольныя абараніць сваю краіну".
Лукашэнку абурылі шматлюдныя выбарчыя пікеты за яго прэтэндэнтаў. Кіраўнік дзяржавы прыраўняў іх да масавых мерапрыемстваў і прапанаваў адправіць удзельнікаў у адведзеныя для гэтага шэсць кропак у сталіцы. "Мы нікому не будзем закрываць рот. Калі ласка — вызначаныя месцы ў Мінску і ва ўсіх гарадах пункты, дзе можна весці дыскусію. Па-мойму, у Мінску гэта шэсць кропак. Наша справа — кантроль, каб вы не выйшлі за рамкі. Шэсць пунктаў у Мінску — ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбяспекі разам з міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусціць парушэння закона", — падкрэсліў ён.
Таксама кіраўнік Беларусі заявіў, што яго апанентаў нельга параўноўваць з Уладзімірам Зяленскім ва Украіне ці Ніколам Пашынянам у Арменіі. "Як бы там ні адбываліся ў Арменіі і Украіне падзеі, усё ж такі гэта людзі таленавітыя — і Зяленскі, і Пашынян. Я ўжо з імі блізка пазнаёміўся. Гэта людзі таленавітыя, безумоўна, і галоўнае — патрыёты сваёй краіны", — дадаў ён.
Цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, па словах Лукашэнкі, характарызуюць некалькі пандэміяў. Перш-наперш гэта каранавірус. Туту сітуацыя, маўляў, ужо выпраўляецца.
"Наклалася на гэта палітычная пандэмія ў сувязі з выбарамі, эканамічная пандэмія (крызіс ва ўсім свеце не наша віна, бяда наша). Ну, і шэраг іншых пандэмій, якія блукаюць вакол нашых межаў, але пакуль баяцца сунуць сюды нос. Мы з гэтымі пандэміямі павінны справіцца", — заявіў беларускі кіраўнік.
Самая страшная, па яго словах, — "інфапандэмія". У яе распаўсюдзе Лукашэнка абвінаваціў у тым ліку Расію, хаця ў адкрытую і не назваў яе: "Зараз і ў інтэрнэце, гэтай сметніцы, што заўгодна закідваюць, і з-за мяжы нам у тым ліку родныя браты праблем падкідваюць у СМІ. Але мы ўсё гэта бачым".
Пандэмія, як вядома, — гэта найвышэйшая ступень эпідэміі, якая захоплівае цэлыя кантыненты і большасць насельніцтва Зямлі. Якім чынам беларускія выбары сталі пандэміяй, Лукашэнка не ўдакладніў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.