Не выключана, што РФ ударыць ядзернай зброяй па Украіне. Меркаванне эксперта

Выбух ядзернай бомбы на палігоне ў Невадзе / архіўнае фота
Выбух ядзернай бомбы на палігоне ў Невадзе / архіўнае фота

Расія трэці месяц "бярэ Кіеў". Ці могуць няўдачы войскаў РФ падштурхнуць Пуціна на прымяненне ядзернай зброі?

— Не думаю, што гэта можа быць удар стратэгічнай ядзернай ракетай па Кіеве для знішчэння горада. Гэта будзе поўная, скажам так, шыза. Хоць, на жаль, яна дапушчальная. У гэтым кірунку расійскае грамадства рухаецца вельмі і вельмі паспяхова, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё ваенны эксперт Ягор Лебядок. — Тактычны ядзерны ўдар — да 10 кілатон — могуць нанесці па якім-небудзь сканцэнтраванні войскаў недзе воддаль ад гарадоў. Але ва ўкраінцаў такіх глабальных сканцэнтраванняў няма, каб адным ударам знішчыць, умоўна, пяць-дзесяць тысяч украінскіх войскаў. Калі выкарыстоўваць па-за горадам, то страты будуць адносна невялікія.

З палітычнага пункту гледжання ядзерны ўдар можа насіць два моманты. Гэта застрашванне ўкраінскага кіраўніцтва і дэманстратыўныя дзеянні для НАТА. У тым ліку гэтым можна пагражаць Фінляндыі і Швецыі, якія ў НАТА хочуць уступіць.

— Я не ведаю, як міжнародная супольнасць зможа глядзець на Расію як на нейкую дзяржаву пасля нанясення ёю ядзернага ўдару па горадзе краіны, якая не вядзе вайны на тэрыторыі Расіі, — разважае ваенны эксперт. — Калі ўкраінцы пяройдуць на расійскую тэрыторыю — а той жа Крым расіяне лічаць сваёй тэрыторыяй, — тут ужо трошкі іншы момант.

Правільна было заяўлена, што лёс Расіі вырашаецца ва Украіне. Гаворка не пра тое, што ўкраінцы нападуць, умоўна кажучы, і разбураць Расію. Гаворка пра тое, што калі гэтая "спецаперацыя" не атрымаецца, калі расіян выкінуць, то гэта будзе непасрэдная пагроза палітычнаму існаванню Расіі.

Уявіце: вас заўсёды вучылі, што вы мега-супер-пупер. Што ваш правадыр, якому трэба пакланяцца, прывядзе вас да перамогі — а правадыр не прывёў. Правадыр проста безвынікова і бязмэтна нарабіў кучу трупаў. І гэта сапраўды ў іх успрыманні можа быць як пагроза існаванню РФ у плане дзяржавы, якая трымаецца на дыктатуры, неабходнасці вонкавага ворага і нейкай перамогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі