Вы тут

Не страшылка: што за транспартныя войскі, у якія адпраўляюць апазіцыянераў

Свайго свята ў транспартных войскаў няма, затое яны з размахам святкуюць дзень чыгуначных войскаў / СБ​

— Калі б выявіўся чалавек, які цалкам адвяргае наш палітычны лад, Канстытуцыю і іншыя законы, то да яго, магчыма, былі б прынятыя такія меры, як дадатковая гутарка і накіраванне на службу ў чыгуначныя войскі,заяўляе начальнік адасобленай групы (Ганцавіцкага раёна) ваеннага камісарыята Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў маёр Андрэй Блашчанка.

Чыгуначных войскаў у Беларусі даўно не існуе, але ёсць транспартныя. І гаворка менавіта пра іх. Еўрарадыё вырашыла высветліць, чым займаюцца салдаты ў гэтым выглядзе войскаў — і ці праўда, што гэта свайго кшталту "пакаранне".

Не страшылка

Хто можа апісаць задачы транспартных войскаў лепш, чым іх кіраўніцтва? Палкоўнік Анатоль Ермаловіч — намеснік начальніка дэпартамента транспартнага забеспячэння Узброеных сіл Беларусі — распавядае, што гэта самыя мірныя войскі ў Беларусі.

— Тлумачу чаму. У мірны час мы займаемся будаўніцтвам і аднаўленнем аўтамабільных і чыгуначных мастоў, будаўніцтвам і аднаўленнем аўтамабільных і чыгуначных дарог і пад'язных шляхоў, — распавядае палкоўнік. — Акрамя таго, мы займаемся вайсковымі перавозкамі, аўтамабільным і чыгуначным транспартам. Яшчэ адзін напрамак дзейнасці — дарожна-каменданцкая служба пры перамяшчэнні войскаў. Гэта значыць, мы, калі сказаць зразумела для абывацеля, рэгулюем дарожны рух войскаў.

Задачы перад транспартнымі войскамі, тлумачыць Ермаловіч, стаяць "спецыфічныя".

— Практычна не звязаныя з ужываннем зброі нейкай такой грознай. Няма ў нас гармат, танкаў. У нас такія задачы.

Да работ на аб'ектах салдат прыцягваюць не адразу. Па словах ваеннага начальніка, спачатку ў іх ідзе ваенная падрыхтоўка, потым — агульнаваенная, а потым — атрыманне ваенна-ўліковай спецыяльнасці.

— Яны [прызыўнікі. — Еўрарадыё] асвойваюць уліковую спецыяльнасць. Як і ва ўсіх войсках, праходзяць навучанне. Яно доўжыцца каля трох месяцаў. Навучанне ў нас па ваенна-ўліковай спецыяльнасці арганізоўваецца ў залежнасці ад таго, на якую пасаду ён ідзе, — дадае палкоўнік і адзначае, што вайскоўцы здаюць на сваю спецыяльнасць залікі і экзамены.

Палкоўнік упэўнены, што многія навыкі службы ў транспартных войсках спатрэбяцца і "на грамадзянцы" / TUT.by

Ермаловіч упэўнены: транспартныя войскі даюць добрую спецыяльнасць "на грамадзянцы".

— У нас практычна ўсе, хто праходзіць службу ў 30-й асобнай чыгуначнай брыгадзе, з задавальненнем ідуць працаваць на БЧ. І яны ўжо падрыхтаваныя, ім не трэба праходзіць навучанне. Гэта і дарожныя работнікі, і механікі, і электрамеханікі. Па сутнасці справы, праблем няма. Я не ведаю, што думаюць прадстаўнікі розных СМІ, якія рассмоктваюць, што вось, тут страшылка... калі ты не такі, калі ты не прыняў прысягу па рэлігійных перакананнях або пацыфісцкія якія настроі... так, у нас ёсць транспартныя войскі. Яны не ўваходзяць у склад Узброеных сіл — гэта ключавое. Таму ў нас служаць хлопцы, якія, у асноўным па рэлігійных матывах, не прымаюць ваенную прысягу.

Сапраўды, у транспартных войсках нярэдка служылі тыя, хто па рэлігійных перакананнях адмаўляецца даваць прысягу. Але яны, запэўнівае Ермаловіч, не адмаўляюцца выконваць свой грамадзянскі абавязак.

— Яны разумеюць, што трэба абараняць канстытуцыйны лад, тэрытарыяльную цэласнасць. Адзінае, што яны кажуць: мы не будзем браць у рукі зброю і не будзем даваць клятву, бо яе даём толькі богу.

Палкоўнік падкрэслівае: транспартныя войскі — "не страшылка, не пужалка".

— Вайсковец, які прызваны на службу, у тым ліку ў транспартныя войскі, — ён падпарадкоўваецца ў першую чаргу патрабаванням заканадаўства і агульнавайсковых статутаў. Яны распаўсюджваюцца на ўсіх вайскоўцаў.

Тыя ж, хто не прымае прысягу, па яго словах, у пераважнай большасці "добрасумленна выконвалі свой вайсковы абавязак".

— І водгукі пра службу ў транспартных войсках выключна станоўчыя.

Колькі салдат тэрміновай службы прызываецца ў транспартныя войскі, Ермаловіч казаць не стаў: паводле яго слоў, гэтая інфармацыя "для службовага карыстання".

— Але хачу сказаць: у нас вельмі добрасумленна служаць хлопцы. Мы прызываем і грамадзян са знятымі або пагашанымі судзімасцямі. Усе грамадзяне, мы ўсе ў правах, свабодах і абавязках роўныя, — заключае Ермаловіч.

"Асноўнае — праца з лапатай"

Пра службу ў транспартных войсках Еўрарадыё паразмаўляла з Адамам Н. — ён служыў там у рэзерве і тройчы быў на зборах з 2016 па 2018 год.

— Першы збор быў амаль цалкам прысвечаны страявой падрыхтоўцы. Займаліся тым жа, чым звычайныя навабранцы, спасцігалі бессэнсоўнасць гэтай установы і адбівалі пяткі на пляцы. Другі і трэці збор былі менш строгімі — мы ўжо былі самі сабе, камандзірамі аддзяленняў і дзяжурнымі, — дзеліцца ўражаннямі ён.

Транспартныя войскі часта дапамагаюць з рамонтам дарог і мастоў / Мінабароны

Вучобу ў сваім выпадку Адам называе імітацыяй.

— Нас саджалі на крэслы альбо на ўзлётнай паласе са сшыткамі, альбо адпраўлялі ў вучэбнае памяшканне, дзе мы 80 працэнтаў часу нічога не рабілі. Афіцэры дыктавалі тэму, часам запісвалі некалькі азначэнняў. Але толькі для таго, каб у выпадку праверкі старэйшымі па званні сшыткі не былі пустымі. Адзін раз "спаліліся", праз што наступныя два тыдні мы даказвалі начальству, што ведаем усе віды пераправачных сродкаў і іншай херні, і нават здавалі нешта накшталт экзамену з білетамі і завучанымі пытаннямі.

Праца, успамінае хлопец, была розная. Яму пашанцавала: яе было не так шмат.

— Асноўнае — праца з лапатай. Аднойчы мы капалі глыбокую і доўгую канаву, каб сагнаць ваду перад уездам у адзін з ангараў. Праз два дні аказалася, што лужына не робіцца меншай, хоць канава пачала напаўняцца. На трэці дзень міма праходзіў нейкі афіцэр, абасраў афіцэраў, што "кіравалі" працэсам, і загадаў прыгнаць трактар і проста прыпадняць бетонныя пліты перад гэтым уездам, каб ваду прыбраць. Гэта і спрацавала, — кажа ён.

Пэщную частку роты, распавядае ён, пару разоў вадзілі ў ангары, каб мыць машыны. "З пацешнага — крэмам для абутку мазалі шыны, каб прыгожа было. І яшчэ аднойчы дапамагалі з рамонтам санчасткі: сцены, столі".

Былі ў яго і выезды на стрэльбішча: за тры зборы — чатыры разы.

Ходкае меркаванне пра тое, што ў транспартныя войскі накіроўваюць у асноўным "ухілістаў", Адам лічыць міфам.

— Служылі там збольшага звычайныя маладыя хлопцы. У кагосьці была вышка, у кагосьці не і не планавалася. У цэлым звычайныя вайскоўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.