Вы тут

Не хацеў бы для вас такога "міралюбівага" суседа — Саргсян адказаў Лукашэнку

Серж Саргсян і Аляксандр Лукашенка / з архіву БЕЛТА

Былы прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян востра адрэагаваў на словы Аляксандра Лукашэнкі аб прапановах азербайджанскага боку мірна ўрэгуляваць канфлікт вакол Нагорнага Карабаха.

"Пры ўсёй павазе да беларускага народа я б не хацеў, каб у яго калі-небудзь быў такі "міралюбівы" сусед, бо праз некаторы час апынецца, што Мінск — старажытны азербайджанскі горад, а беларускага народа як такога не існавала, у сувязі з чым аліеўская "гістарычная справядлівасць" павінна перамагчы на гэтых тэрыторыях з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі", цытуе Сержа Саргсяна агенцтва News.Am.

Экс-прэзідэнт Арменіі прапанаваў пашукаць у Інтэрнэце "міралюбныя выказванні" Аліева (Ільхам Аліеў, прэзідэнт Азербайджана — Еўрарадыё), "якія ўтрымліваюць антыармянскія, ваяўнічыя заявы" , і зрабіць высновы.

"А атрыманыя вынікі можаце адправіць Аляксандру Лукашэнку, каб той параўнаў сваё ўяўленне аб міры і справядлівасці з ідэямі свету ягонага сябра Аліева", — заявіў Серж Сагсян.

Нагадаем, падчас візіту ў Баку 14 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму вядома аб прапановах Ільхама Аліева Ерэвану — аднавіць Карабах і "падняць Арменію". Але, па словах Лукашэнкі, "былое армянскае кіраўніцтва" адмовілася ад мірнага ўрэгулявання канфлікту.

"Адна з прапаноў, калі ён (Ільхам Аліеў — Еўрарадыё) мне сказаў: "Слухай, ты перадай армянам, ты з імі ў добрых адносінах, я гатовы аднавіць не толькі Карабах, але і падняць Арменію (калі за сто даляраў была нафта)... я не называю суму нават, якую вось я адразу гатовы заплаціць. Перадай ім, каб мірна ўрэгулявалі гэтае пытанне", — распавядаў у Баку Лукашэнка.

Канфлікт вакол спрэчнага рэгіёну мае даўнюю гісторыю. Мінулай восенню супрацьстаянне зноў абвастрылася і перарасло ў вайну. Яе вынікам стаў пераход пад юрысдыкцыю Азербайджана часткі тэрыторый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.