Найлепшай доктарскай дысертацыяй года ў Беларусі прызналі работу генпракурора

Андрэй Швед / БЕЛТА

Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) Беларусі завяршыла штогадовы конкурс дысертацый. Найлепшай дысертацыяй года ў намінацыі "Сацыяльна-эканамічныя і грамадскія навукі" прызналі работу генпракурора Андрэя Шведа.

Яго дысертацыя называецца "Тэарэтычныя перадумовы і прыкладныя аспекты рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы судова-экспертнай дзейнасці".

Навуковую ступень доктара навук ВАК прысудзіла Шведу 9 лютага 2022 года. А абарона дысертацыі адбылася яшчэ 25 траўня 2021-га.

Тэма дысертацыі Шведа звязаная з судова-экспертнай дзейнасцю, бо з 2013 па 2020 год ён узначальваў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, адзначае zerkalo.io.

Генпракурорам Швед стаў 9 верасня 2020 года на фоне пратэстаў у Беларусі. Ён актыўна выступіў за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, асабіста выказаўся супраць амністыі для людзей, асуджаных паводле палітычных артыкулаў за апошнія два гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.