Вы тут

Навошта піцерскі мастак малюе беларусаў на Месяцы. Інтэрв’ю з Міхаілам Рубцовым

Міхаіл Рубцоў, фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

Алка-імпрэсіяніст Міхаіл Рубцоў стварыў цыкл з 12 малюнкаў пра беларускіх касманаўтаў, якія выратавалі Зямлю ад захопнікаў з іншай галактыкі. На адной карціне беларусаў у скафандрах трымаюць на прыцэле зялёныя чалавечкі, на іншай зямляне святкуюць перамогу. Што натхніла мастака на такі сюжэт? Чым займаліся расійскія касманаўты, пакуль іх беларускія калегі ратавалі планету? Як атрымалася перамагчы захопнікаў? Пра гэта мастак распавядае ў інтэрв’ю Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Як нарадзілася ідэя такога сюжэту — пра супрацьстаянне беларускіх касманаўтаў і прышэльцаў?

Міхаіл Рубцоў: Гадаў дванаццаць таму я ўпершыню быў у Беларусі, у Брэсце. Калі памятаеце, тады была вельмі папулярная так званая албанская мова. Калі мы з сябрам гулялі па Брэсце і чыталі надпісы па-беларуску, дык зразумелі, што насамрэч гэтую албанскую мову прыдумалі беларусы. І найбольш мяне ўразіла назва праспекта Касманаўтаў. Мы ішлі па гэтым праспекце ўздоўж вельмі доўгага дома, на якім з аднаго боку вісела шыльда з назвай праспекта па-руску, а на другім — па-беларуску. Назва па-беларуску мне вельмі спадабалася. Асабліва літара “ў” у слове, якую я ўбачыў упершыню ў жыцці.

Не ведаю, адкуль у маёй галаве ўзяўся такі асацыятыўны шэраг, але праз пэўны час я намаляваў невялікую акварэль “Расстрэл касманаўтаў”. З гэтага ўсё і пачалося. Мастак жа думае алоўкам: нешта крэмзае, а потым з гэтага нешта атрымліваецца, і ўжо можна давесці ідэю да нейкага ўцямнага выніку.

Еўрарадыё: Чаму ўсе малюнкі пра беларускіх касманаўтаў прысвечаныя вайне? А як жа тэмы кахання ці мірнага скарэння галактыкі?

Міхаіл Рубцоў: Кожнаму мастаку хочацца напісаць эпічнае палатно. І пажадана — не адно. А самае эпічнае — гэта баталія. Большасць вядомых мастакоў пакідаюць за сабой шматфігурную сцэну. Ёсць такое жаданне і ў мяне. Але ўсе сур’ёзныя батальныя сюжэты ўжо скарысталі да мяне. Пісаць нешта на тэму ІІ Сусветнай вайны… Цяжка пісаць тое, што я сабе з цяжкасцю ўяўляю. Да ўсяго, цяпер эпоха постмадэрна, калі на першы план выходзіць іронія, самаіронія. Мала каму з мастакоў прыйдзе ў галаву напісаць эпічнае палатно на поўным пафасе. Так і нарадзілася ідэя напісаць пра тое, як іншапланецяне з іншай галактыкі вырашылі захапіць нашу планету і толькі беларускі КДБ і Вярхоўны савет рашуча на гэта адрэагавалі.

Даведка Еўрарадыё: Міхаіл Рубцоў — мастак, жартам вызначае свой жанр як алка-імпрэсіянізм. Таксама вядомы як графік. Уваходзіць у творчае аб’яднанне маскоўскіх мастакоў “Зюзінскія”. Жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу. Цяпер яго выстава праходзіць у міцькоўскай галерэі “Свиное рыло”.

Еўрарадыё: Беларускія касманаўты супрацьстаяць захопнікам з іншай галактыкі, дзе ў гэты час расійскія касманаўты?

Міхаіл Рубцоў: Не маю ніякага ўяўлення, дзе яны! Але ж я і не ствараў глабальную міфалогію, каб даць адказ на ўсе пытанні. Мэтай маёй было пажартаваць, павесяліць тых, хто гэты мой жарт ацэніць. І гэты мой цыкл быў прыняты публікай даволі добразычліва. Я нават атрымаў замову зрабіць адну з акварэляў гэтага касмічнага цыкла ў масле. Напісаў палатно большага фармату, грунтоўнае.

Еўрарадыё: Працягваць гэты цыкл плануеце?

Міхаіл Рубцоў: Не ведаю. Я чалавек настрою. Пакуль мне падаецца, што я гэтую тэму “адпрацаваў” цалкам. Там нават фінальная карціна ёсць “Перамога” — беларускія касманаўты абаранілі планету. Але ўсё можа змяніцца.

Цалкам размову з Міхаілам Рубцовым можна паглядзець тут: