Вы тут

Навошта Лукашэнка так часта ездзіць з афіцыйнымі візітамі ва Украіну?

Пётр Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка

У чацвер, 20 ліпеня, кіраўнік Беларусі чарговы раз наведае з афіцыйным візітам Украіну. З 2014 года, калі пачаўся ўзброены канфлікт на Данбасе, гэта ўжо пяты візіт Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую краіну. Менш, чым візітаў у Расію, але значна больш, чым у любую іншую нашу краіну-суседку.

З афіцыйнага паведамлення на сайце беларускага кіраўніка вынікае, што ў Кіеве пройдуць перамовы лідараў дзвюх краін — як у фармаце “адзін на адзін”, так і ў пашыраным складзе.

“Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай”, — суха тлумачыць мэты візіту афіцыйны рэліз.

Зразумела, палітыкі і дыпламаты інакш казаць не ўмеюць. Але навошта Лукашэнка так часта бывае ва Украіне, што нас там на самай справе так цікавіць? Адказы на гэтыя пытанні шукаю ў экспертаў.

Уладзімер Фясенка, палітолаг, кіраўнік Цэнтра палітычных даследаванняў “Пента”, Украіна:

— Такая колькасць візітаў — гэта індыкатар і пацверджанне дастаткова добрых, стабільных, добрасуседскіх і нават сяброўскіх адносінаў паміж нашымі краінамі. Сяброўскіх нягледзячы на тое, што Беларусь — блізкі партнёр Расіі, з якой ва Украіны цяпер далёка не цёплыя адносіны. І гэта сведчанне добрых стасункаў паміж двума нашымі прэзідэнтамі, бо фактар міжасабовых адносінаў вельмі моцна ўплывае і на адносіны міждзяржаўныя. Але ў чым інтарэс Лукашэнкі, чаму ён пайшоў на такое збліжэнне з Парашэнкам, на актывізацыю беларуска-ўкраінскіх адносінаў? Найперш таму, што Украіна — сусед Беларусі. І для Лукашэнкі забеспячэнне сацыяльна-эканамічнай, унутрыпалітычнай, знешнепалітычнай стабільнасці — адзін з галоўных прыярытэтаў. Ва ўмовах вострага канфлікту паміж Украінай і Расіяй, вайны на Данбасе значэнне стабільнасці вырасла, і ён хоча захоўваць гэтую стабільнасць у адносінах з Украінай. Каб мінімізаваць рызыку экспарту такога канфлікту ў Беларусь. Як з боку Украіны, так і з боку Расіі. Другі момант — манеўраванне. Тое, што Расія так жорстка і агрэсіўна павяла сябе ў дачыненні да Украіны, выклікала ва ўсіх яе суседзяў вялікія асцярогі. Лукашэнка пачаў манеўраваць, і ўкраінская тэма сталася добрай магчымасцю “залатой сярэдзіны” і пэўнай нейтралізацыі залішняй апекі з боку Расіі. І трэцяе: праз Украіну і выкарыстоўваючы Украіну, фактар “украінскага крызісу”, прапанаваўшы Мінск у якасці пляцоўкі для ўрэгулявання канфлікту на Данбасе, Лукашэнка дамогся значнага пацяплення ў адносінах з Захадам. Украіна таксама выступае тут пэўным пасярэднікам паміж Лукашэнкам і Захадам. Лукашэнка дагэтуль застаецца чужым для заходніх лідараў, і таму кантакты, абмеркаванні нейкіх складаных тэм часткова ажыццяўляюцца праз украінскае кіраўніцтва, прэзідэнта Парашэнку. Адпаведна, тэматыка адносінаў з Украінай для Беларусі важная: ад выбудоўвання сяброўскіх адносінаў да выкарыстання ўкраінскай тэмы і Украіны ў адносінах з Захадам.

 

Цалкам размову з Уладзімерам Фясенкам можна паслухаць:

Ігар Тышкевіч, аналітык “Інстытута Будучыні”, Украіна:

— Лукашэнку патрэбная будучыня: будучыя рынкі, грошы, прыбытак і сумесны бізнес. Ну, і яму патрэбны “адвакат” у кантактах з Еўрасаюзам і ЗША. І таму нядзіўна, што Аляксандр Лукашэнка так часта бывае ў Кіеве. Калі ў 2012–2013 гадах беларускі экспарт ва Украіну дасягаў 5 мільярдаў долараў, то ў наступныя два гады ён скараціўся да 2,5-2,8 мільярдаў долараў. Але рынак Украіны для Беларусі важны тым, што ён прыбытковы: сальда ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі ніколі не апускаецца ніжэй за 1,5 мільярда долараў на карысць Беларусі. А гэта грошы і цяпер, і ў будучыні.

 

Цалкам размову з Ігарам Тышкевічам можна паслухаць:

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекта “Belarus Security Blog”, Беларусь

— Лукашэнка ездзіць ва Украіну таму, што для яго вельмі важным бачыцца захаваць узровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і нарасціць яго. Па-другое, ён спадзяецца на тое, што Украіна выступіць у якасці лабіста беларускіх інтарэсаў на Захадзе. І трэцяе: трэба шукаць нейкую палітычную павестку дня ў двухбаковых адносінах. Бо на сёння такой павесткі ў нас проста няма.