"Наша Ніва": Вайскоўцы з міліцыянтам гандлявалі аўтаматамі і гранатамі

"Наша Ніва": Вайскоўцы з міліцыянтам гандлявалі аўтаматамі і гранатамі

У Баранавічах вайскоўцы 8-й брыгады вайсковай часці 29969 гандлявалі зброяй. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паведамляецца, што 24-гадовы прапаршчык Дзьмітрый К. служыў загадчыкам збройнага складу часці ў роце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Прыкладна з мінулай восені ён выносіў са складу зброю, якую потым прадаваў, а часам нават дарыў. Інвентарызацыя на складзе не праводзілася нават пасля змены камандзіра, хаця гэта абавязковая працэдура. 

Паводле звестак журналістаў, гаворка ідзе прыкладна пра сорак адзінак зброі — аўтаматы і пісталеты. Прапаршчык, нібыта, проста клаў аўтамат у заплечнік і выходзіў праз КПП, нікім не правераны. Падкрэсліваецца, што склад знаходзіцца на тэрыторыі 61-й авіябазы — важнага вайсковага аб’екта.

Ёсць звесткі, быццам падчас следства Дзьмітрый К. даў сведчанні на двух чалавек — яшчэ аднаго прапаршчыка і высокапастаўленага супрацоўніка Баранавіцкага райаддзелу ўнутраных спраў. Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", усе трое цяпер затрыманыя, але частку зброі пакуль не знайшлі.

Раней Міністэрства абароны пацвярджала баранавіцкай газеце "Intex-Press", што ў адной з часцей адбылося надзвычайнае здарэнне, але не паведамляла падрабязнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі