Намеснік кіраўніка Адміністрацыі: Што дзіўнага, што памілавалі чыноўнікаў?

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі: Што дзіўнага, што памілавалі чыноўнікаў?

Пачатак 2016 года адзначыўся паведамленнямі пра некалькі экс-кіраўнікоў, якія датэрмінова выйшлі з-за кратаў і былі прызначаныя на новыя пасады. Вядома прынамсі пра сем такіх чалавек, асуджаных у 2014-2015 гадах за хабар або злоўжыванне ўладай. Усім ім было ў тым ліку забаронена займаць кіраўнічыя пасады.

"Комсомольская правда" пацікавілася ў намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, старшыні камісіі па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Валерыя Міцкевіча, колькі ж ёсць такіх чыноўнікаў. Канкрэтную лічбу Міцкевіч не назваў. Ён заявіў, што кіраўнік дзяржавы прымаў індывідуальныя рашэнні аб памілаванні канкрэтных асобаў. "Там не толькі чыноўнікі, розныя людзі. Што тут такога дзіўнага, што сярод групы людзей апынуліся, да прыкладу, і нейкія чыноўнікі?" — запытаўся ён.

Дарэчы, чыноўнікі, асуджаныя па карупцыйных справах, у Беларусі не трапляюць пад амністыю. Аднак Міцкевіч удакладніў, што амністыя распаўсюджваецца на нявызначанае кола асобаў. А памілаванне — гэта індывідуальны акт гуманізму, які ўжываецца да канкрэтнага чалавека з улікам усіх абставінаў. Па яго словах, памілаваных чыноўнікаў вызвалілі і ад дадатковага пакарання, якое забараняла ім займаць кіраўнічыя пасады.

Нагадаем, што сярод асуджаных і памілаваных чыноўнікаў — экс-намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў і экс-намеснік старшыні "Белнафтахіма" Уладзімір Волкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі