Начныя абстрэлы Харкава, ёсць загінулыя — 176-я раніца вайны ва Украіне

У выніку абстрэлу інтэрната ў Харкаве адзін чалавек загінуў, 16 пацярпелі​ / @ihor_terekhov
У выніку абстрэлу інтэрната ў Харкаве адзін чалавек загінуў, 16 пацярпелі​ / @ihor_terekhov

Расіяне мінулым вечарам і гэтай ноччу актыўна абстрэльвалі Харкаў. Вечарам патрапілі ў жылы дом. Сем чалавек загінулі, 17 параненыя.

Потым яшчэ ўначы было не менш за пяць выбухаў, пісаў па гарачых слядах мэр горада Ігар Церахаў. У адным з раёнаў гарэў адміністрацыйны будынак. У іншым — інтэрнат. Вынік абстрэлу інтэрната — адзін чалавек загінуў, 16 пацярпелі, у тым ліку двое дзяцей. Усе дастаўленыя ў бальніцы. Плошча пажару склала 800 квадратных метраў. Усім, хто застаўся без прытулку, прадастаўлена жыллё, кажа Церахаў.

Гэтыя абстрэлы Харкава дэманструюць бяссілле праціўніка, лічыць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Начныя ўдары па горадзе ён назваў "подлым і цынічным ударам па мірных жыхарах, якому няма апраўдання".

Пад абстрэламі гэтай ноччу была і Днепрапятроўская вобласць. "Расійская армія нанесла ўдары па двух раёнах — Крыварожскаму і Нікапальскаму",піша кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. У жылыя кварталы Нікапаля прыляцелі 15 снарадаў са ствольнай артылерыі. Параненая 57-гадовая жанчына. Яна ў бальніцы. У горадзе пашкоджаны 15 прыватных дамоў, школа, машыны, крама і храм.

У Крыварожскім раёне абышлося без разбурэнняў і пацярпелых.

Самыя сур'ёзныя баі па-ранейшаму ідуць на Данбасе. Расіяне спрабавалі наступаць тут на многіх напрамках, але часцей поспеху не мелі, альбо атакі былі адбітыя, гаворыцца ў свежай зводцы Генштаба ВСУ.

Паводле ацэнкі аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, напярэдадні расійскія войскі дамагліся абмежаваных поспехаў на паўночны захад ад Данецка і паблізу адміністрацыйнай мяжы Запарожжа і Данецкай вобласці. Акрамя таго, распачалі некалькі нападаў на паўночны ўсход і поўдзень ад Бахмута і, верагодна, спрабуюць палепшыць тактычныя пазіцыі каля Горлаўкі. Адначасова расіяне працягвалі безвынікова атакаваць населеныя пункты да паўднёвы ўсход ад Северска.

Ночные обстрелы Харькова, есть погибшие — 176-е утро войны в Украине
Карта баявых дзеянняў на Данбасе 17 жніўня 2022 года / understandingwar.org

Аналітыкі Інстытута таксама заўважылі, што расіяне спрабуюць выставіць выбухі на расійскіх вайсковых аб'ектах у Крыме тэрактамі. Гэта робіцца, па думку экспертаў, для таго, каб нейтралізаваць заклікі абвясціць Расію дзяржавай-спонсарам тэрарызму. У якасці прыкладу яны прыводзяць заяву стаўленіка Расіі ў Крыме Сяргея Аскенава, што на паўвостраве нейтралізаваныя ячэйкі ісламісцкай арганізацыі "Хізб ут-Тахрыр".

"Напады на законныя расійскія ваенныя аб'екты цалкам падпадаюць пад дзеянне закона аб ужыванні сілы і не з'яўляюцца актамі тэрарызму, і няма ніякіх доказаў таго, што ісламісцкія экстрэмісты здзейснілі гэтыя напады", — адзначаюць эксперты Інстытута.

У бліжэйшы час удару па Крымскім мосце, верагодна, не будзе, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у інтэрв'ю Юліі Латынінай. Паводле яго слоў, цяпер абстрэл Крымскага моста будзе мець толькі прапагандысцкі эфект — мост даволі складана пашкодзіць. У якасці прыкладу ён прывёў Антонаўскі мост пад Херсонам, які, па словах Арастовіча, да гэтага не разбураны.

"Пульнуць можна, пытанне — ці даляціць? І другое пытанне, улічваючы як яго ахоўваюць, ну і што? Падрапаў, далей што? Прапагандысцкі эфект будзе лепш. Цяпер пытанне: мы хочам ваяваць дзеля прапагандысцкага эфекту альбо мы хочам рабіць тое, што трэба па ваеннай навуцы? Мне здаецца, што мы за другое", — сказаў Арастовіч.

Ночные обстрелы Харькова, есть погибшие — 176-е утро войны в Украине
Крымскі мост / Reuters

Украіна атрымае 450 мільёнаў канадскіх даляраў дапамогі на закупку газу да ацяпляльнага сезона. Пра гэта прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль паведаміў у Twitter.

"Чарговы крок салідарнасці ад Канады. Украіна атрымае 450 млн канадскіх даляраў дапамогі на закупку газу да ацяпляльнага сезона", — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначым, што ў чэрвені ў дзяржбюджэт Украіны ад Канады ўжо паступіў 1 млрд канадскіх даляраў крэдыту на льготных умовах. Тэрмін пагашэння гэтага крэдыту — 10 гадоў, працэнтная стаўка — 1,69% гадавых. Для дадатковых траншэй захаваны такія ж умовы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі