Начная атака беспілотнікаў на Адэскую вобласць — 420-я раніца вайны

Наступствы атакі дрона ў Адэскай вобласці / @odeskaODA
Наступствы атакі дрона ў Адэскай вобласці / @odeskaODA

Сёння ноччу расіяне атакавалі дронамі Адэскую вобласць. Украінскія ВПС збілі 10 з 12 беспілотнікаў гэта былі іранскія Shahed-136/131. Але ёсць і трапленне гарэў аб'ект інфраструктуры, распавялі ў адэскай раённай ваеннай адміністрацыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без пацярпелых. А напярэдадні вечарам украінскія сілы СПА збілі яшчэ 7 расійскіх беспілотнікаў каля Запарожжа і Дняпра.

Пра атаку беспілотніка ўчора паведамлялі і расіяне. Мэтай быў ваенкамат гарадской акругі Навазыбкаў у Бранскай вобласці. Губернатар вобласці Аляксандр Багамаз абвінаваціў у гэтым УСУ. З ягоных слоў, пацярпелых няма, у будынку "часткова выбітае шкло". Акрамя таго, учора, па словах Багамаза, "УСУ здзейснілі абстрэл" вёскі Куркавічы Бранскай вобласці. Пашкоджаны жылы дом, гаспадарчая пабудова і легкавы аўтамабіль. Украінскі бок такія абвінавачванні звычайна не каментуе.

Ночная атака беспилотников на Одесскую область — 420-е утро войны
Пажар на месцы траплення дрона ў Адэскай вобласці / @odeskaODA

На акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці расіяне мініруюць мясцовасць спрабуюць нарасціць абарончыя магчымасці, рыхтуюцца да ўкраінскага контрнаступлення. "Мініраванням падвяргаюцца і акваторыі рэк Конка і Днепр. Ёсць выпадкі падрываў мясцовых жыхароў на варожых мінах пры спробе выйсці на ваду", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Расіяне па-ранейшаму спрабуюць наступаць на чатырох кірунках: Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім. За мінулыя суткі на гэтых участках фронту Сілы абароны Украіны адбілі больш за 60 нападаў, пра гэта таксама гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ. Самыя жорсткія баі ідуць за Бахмут і Мар'інку.

У Бахмуце расіяне за апошнія дні прасунуліся на паўночным захадзе горада. Гэта адзначаюць эксперты Інстытута вывучэння вайны пасля аналізу відэазапісаў з геалакацыяй. Яны цытуюць таксама Міністэрства абароны Расіі, якое сцвярджае, што "вагнераўцы" захапілі тры "неназваныя" гарадскія кварталы. Акрамя таго, працягваюцца баі ў раёне чыгуначнай станцыі ў цэнтральным Бахмуце.

Ночная атака беспилотников на Одесскую область — 420-е утро войны
Сітуацыя ў Бахмуце / understandingwar.org

Германія перадала Украіне зенітна-ракетны комплекс Patriot з ракетамі да яго, гаворыцца на сайце Федэральнага ўрада Германіі. Пра гатоўнасць Берліна перадаць Кіеву сістэму СПА Patriot стала вядома ў студзені пасля тэлефоннай размовы канцлера Германіі Олафа Шольца з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Перад гэтым перадачу першай батарэі Patriot ўзгаднілі ЗША. У канцы сакавіка амерыканцы паведамілі, што адправяць сістэмы Patriot хутчэй, чым планавалася — яны будуць разгорнутыя ва Украіне "у бліжэйшыя тыдні", нагадвае Hromadske.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пагутарыў учора праз тэлефон са спікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША рэспубліканцам Кевінам Макарці. Менавіта Макартні ў кастрычніку папярэджваў, што рэспубліканцы не выпішуць Украіне "чысты чэк" у выпадку сваёй перамогі на прамежкавых выбарах. Ён казаў, што падтрымлівае Украіну, але не ўхваляе безлімітную дапамогу. Зяленскі распавёў Макарці аб ходзе баявых дзеянняў і аб абаронных патрэбах Украіны, а таксама запрасіў кіраўніка Палаты прадстаўнікоў ЗША наведаць Украіну.

Акрамя таго, учора Зяленскі наведаў перадавыя пазіцыі ўкраінскіх байцоў у Аўдзееўцы (гэта Данецкая вобласць) і з'ездзіў у Палтаўскую вобласць. Тут ён правёў нараду па сітуацыі ў рэгіёне і наведаў у бальніцы параненых вайскоўцаў, уручыў ім узнагароды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі