Амбасадар Беларусі ў Швейцарыі звязаны з ваеннай разведкай — BELPOL
Аляксандр Ганевіч / BELPOL
Шэраг беларускіх амбасадараў звязаныя са службай ваеннай разведкі. У прыватнасці, гэта цяперашні беларускі амбасадар у Швейцарыі Аляксандр Ганевіч і былы амбасадар у Японіі Руслан Есін. Гэта сцвярджае ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL у сваім новым расследаванні.
Аляксандр Ганевіч нарадзіўся ў 1963 годзе, скончыў Усурыйскую вышэйшую вайсковую аўтамабільную камандную вучэльню, а потым дыпламатычную акадэмію МЗС Расіі і дыпламатычную школу МЗС Германіі. Сваю дыпламатычную кар'еру ён пачаў у 1993 годзе з пасады трэцяга сакратара МЗС. У 2020-м стаў беларускім амбасадарам у Швейцарыі.
У BELPOL сцвярджаюць, што дакументы не супадаюць з афіцыйнай версіяй біяграфіі Ганевіча. Яшчэ ў дакументах 2002 і 2008 гадоў ён лічыўся вайскоўцам і быў прыпісаны да вайсковай часці 64170. Гэтая часць звязаная з Упраўленнем замежнай інфармацыі і камунікацыі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Узброеных Сіл.
Таксама аўтары расследавання знайшлі ў базе ДАІ адзнаку, што раней Ганевіч быў зарэгістраваны пры вайсковай часці 51886, якую BELPOL звязвае з разведвальным цэнтрам ГРУ ў Мінску.
Таксама ў расследаванні гаворыцца, што ў 1994 годзе Ганевіч атрымаў даведку, якая пацвярджае грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Дакумент быў выдадзены Упраўленнем кадраў Міністэрства абароны Беларусі, а ў афіцыйнай біяграфіі гаворыцца, што мужчына тады працаваў ужо ў МЗС.
Другі дыпламат, на якога звярнулі ўвагу аштары расследавання — Руслан Есін, які ў 2017-2022 гадах быў амбасадарам Беларусі ў Японіі, а таксама па сумяшчальніцтве ў Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Ён нарадзіўся ў 1969 годзе ў Петрапаўлаўску-Камчацкім. У 1990 годзе скончыў Мінскую вышэйшую ваенна-палітычную агульнавайсковую вучэльню, потым Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Працаваў спярша ў аддзеле міжнародных культурных сувязяў Міністэрства культуры, а ў сярэдзіне 1990-х вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі, пасля чаго перайшоў на працу ў МЗС Беларусі.
У базе ДАІ BELPOL знайшоў здымак Есіна з сярэдзіны 1990-х — на пасведчанне кіроўцы ён сфатаграфаваўся ў форме капітана Узброеных Сіл. На думку аўтараў расследавання, гэта можа сведчыць, што пасля заканчэння вайсковай вучэльні ён працягваў службу. А дыпламатычная пасада была толькі прыкрыццём.
Таксама ў BELPOL назвалі меркаваных супрацоўнікаў КДБ і ГРУ ў беларускіх дыппрадстаўніцтвах у ААЭ, В'етнаме, Ізраілі, Інданезіі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Кітаі, Пакістане, Сірыі, Турцыі, Егіпце, Зімбабвэ, Бразіліі і Венесуэле. Некаторыя з іх маюць па некалькі пашпартоў. Напрыклад, дарадца амбасады ў ААЭ Леанід Голуб, паводле звестак BELPOL, з'яўляецца супрацоўнікам КДБ, які раней служыў у "Альфе". У 2011 годзе ён атрымаў пашпарт на імя Леаніда Емяльянава. "Пашпарты прыкрыцця" маюць і іншыя дыпламаты.
У BELPOL кажуць, што сабраныя матэрыялы перадалі кампетэнтным органам дэмакратычных дзяржаў.