— Сваімі выказваннямі міністр дэманструе дзяржаўны падыход. Ён кажа, што кантраляваць тых, хто ідзе атрымліваць вышэйшую адукацыю, павінны чыноўнікі і дзяржаўныя структуры. Менавіта яны будуць ацэньваць, якія ў вас здольнасці, і вырашаць, куды вы пойдзеце.
Гэта прыніжальнае стаўленне.
Спачатку ж ён пачаў з рэпетытараў, сказаўшы, якія яны нявартыя людзі. Потым перайшоў да бацькоў і сказаў, што бацькі — дрэнныя, бо аддаюць грошы рэпетытарам і не спраўляюцца са сваімі бацькоўскімі абавязкамі.
А ўласныя структуры — установы адукацыі, якія не спраўляюцца са сваімі функцыямі — ён, натуральна, не згадвае, бо гэта тычыцца яго асабіста, і ён можа за гэта атрымаць.
На думку Лаўрухіна, жорсткае навязванне чыноўнікамі сваіх крытэрыяў здольна задушыць будучых геніяў яшчэ на школьнай лаве.
— Я нагадаю, што Альберт Эйнштэйн па матэматыцы атрымліваў “тройкі”, калі вучыўся. Калі б тады міністрам адукацыі быў Іванец, Альберт Эйнштэйн не адбыўся б. І, дарэчы, калі Лукашэнка наракае, маўляў, дзе ў нас прарыўныя даследаванні, то яны не з’яўляюцца, таму што ў нас такая сістэма адукацыі, дзе пасіянарныя геніяльныя людзі проста не праходзяць праз ваша “сіта” і ніколі не праб’юцца праз усе гэтыя перашкоды і “рагаткі”, якія вы выбудоўваеце для абароны.
“Сіта” для геніяў і дэфіцыт якасці ў школах
Статыстыка зваротаў да рэпетытараў наглядна паказвае маштабы крызісу. У выпускных класах школы ўжо не спраўляюцца з падрыхтоўкай абітурыентаў уласнымі сіламі.
— У выпускным адзінаццатым класе ад 70 да 90% школьнікаў займаюцца з рэпетытарамі, — кажа Таццяна Крапіневіч. — У Мінску, зразумела, працэнт будзе значна вышэйшы, чым у вёсцы — там у бацькоў іншыя фінансавыя магчымасці.
У сельскіх школах працэнт ніжэйшы, але 70% выпускнікоў па ўсёй краіне дакладна ходзяць да рэпетытараў, каб паспяхова здаць экзамены. У межах школьных гадзін і ўрокаў даць неабходны для гэтага ўзровень, на жаль, немагчыма.
Акрамя недахопу гадзін, Таццяна Крапіневіч звяртае ўвагу і на вострую праблему кадраў у дзяржаўнай адукацыі, пра якую міністр лічыць за лепшае не згадваць.
— Наш міністр чамусьці забывае пра тое, якія кадры сёння прыходзяць працаваць у школы. З якімі нізкімі баламі абітурыенты паступаюць у педагагічныя ВНУ, як яны там вучацца, як заканчваюць навучанне і якімі прыходзяць да дзяцей.
Сёння звычайная справа, калі малады настаўнік сам рашае задачу каля дошкі з памылкамі, даказваючы класу, што гэта правільна, а правільнае рашэнне вучня закрэслівае і ставіць дрэнную ацэнку. Хацелася б пачуць каментарый міністра з гэтай нагоды.
Рэпетытараў у нас называюць “злом”, але яны даюць якасныя веды. А настаўнікі, якія прыходзяць у школы з мінімальнымі баламі, — гэта, атрымліваецца, дабро?
Пры гэтым Андрэй Лаўрухін лічыць, што жорсткая селекцыя і пазбаўленне школьнікаў альтэрнатывы — гэта свядомая тактыка чыноўнікаў, якая літаральна выцясняе таленавітых людзей з краіны.
— Галоўны пасыл Іванца — мы не дамо вам ніякага шанца паспрабаваць раскрыць свае таленты. Толькі мы будзем вызначаць, хто і якія менавіта таленты будзе раскрываць у гэтай краіне. Гэта прыводзіць да высновы: напэўна, трэба ехаць у іншую краіну, каб сябе выпрабаваць, пашукаць сябе ў розных прафесіях і адчуць сябе па-сапраўднаму свабоднымі людзьмі, якія могуць самі рабіць свой выбар і атрымліваць тыя веды, уменні і навыкі, якія самі хочуць.
Свабодны рынак ведаў супраць “дзяржаўнага ўнівермага”
Спробы загнаць рэпетытарства ў рамкі рэестраў і татальнага кантролю эксперты параўноўваюць з горшымі савецкімі практыкамі. Гэта ненатуральная барацьба з законамі рынку, якая толькі загоніць сферу ў цень.
— Рэпетытарства — гэта абсалютна нармальная з’ява для большасці краін свету, — нагадвае Таццяна Крапіневіч. — Гэта рынак. Спрабаваць забараніць яго або загнаць усіх у жорсткія рамкі рэестраў — гэта ўсё роўна што знішчыць свабодны рынак і гвалтоўна загнаць усіх у дзяржаўныя ўнівермагі. Калі чалавеку патрэбна якасная паслуга, узнікае прапанова. Калі дзесьці паслугу аказваюць дрэнна, кліент ідзе туды, дзе ўсё зробяць якасна.
Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае, што за мяжой (у той жа Польшчы) школьная праграма сапраўды прасцейшая, і звычайнае дзіця цалкам можа справіцца з ёй самастойна. Попыт на рэпетытараў там далёка не такі масавы, як у Беларусі.
Тым не менш і там у выпускных класах многія наймаюць рэпетытараў для падрыхтоўкі да экзаменаў, “таму што ўсюды ёсць слабыя выкладчыкі, а ў бацькоў не заўсёды ёсць час і магчымасць разбірацца ў праграме і тлумачыць яе дзецям”.
Андрэй Лаўрухін згодны, што татальны кантроль — гэта ўзгодненая і паслядоўная дзяржаўная палітыка, якая не пакідае месца для свабоднага развіцця.
— Усё гэта ўзгодненая дзяржаўная палітыка. Іванец — толькі вінцік, які трансліруе ўстаноўку дзяржавы. Свабодны выбар асобнага індывіда — гэта праблема для гэтай дзяржавы, з якой яна не можа справіцца.
Людзі для дзяржавы — матэрыял, а дзяржава — гэта форма, у якую гэты матэрыял трэба ўліць. Калі нейкі індывід ці нават цэлы сектар прыватнай адукацыі не ўпісваецца ў разуменне гэтай дзяржавы, значыць, трэба ўмоўна адсекчы гэтым людзям рукі-ногі, неяк прымусіць, запалохаць, пасадзіць у турму.
Прыватны сектар адукацыі і само рэпетытарства ў вачах дзяржавы — гэта вольніца, якая не дазваляе ўсіх запхнуць у рамкі ідэальнай дзяржавы, якой яна бачыцца чыноўнікам.
Наручнікі… У той ці іншай ступені вось ён — сімвал нашай дзяржавы, які трэба было б намаляваць на сцягу замест сонца, каб быць сумленнымі.
Глядзіце таксама:
Тэму наезду на рэпетытараў у Беларусі закранула ў эфіры Еўрарадыё выкладчыца і экспертка ў галіне міжнароднай палітыкі Роза Турарбекава.