На юбілейным канцэрце “Дай Дарогу!” крычалі “Горка!” (фота)

22 лістапада галоўныя панкі краіны “Дай Дарогу!” святкуюць сваё 15-годдзе. З гэтай нагоды лідар гурта Юрый Стыльскі нават адрасціў сабе бараду: маўляў, каб быць падобным на старых рокераў.

“Я некалі граў у мясцовым гурце “ГорТоп”, і сачыніў некалькі песень — “Бабка здохла”, “Рукавички” і кавалак “Бытовухи”, — узгадвае музыка. — І вось да гэтага моманту наш калектыў расхістаўся і распаўся ўвогуле. І я памятаю, што натхненне, з якім я рабіў гэты гурт, перайшло на “Дай Дарогу!”, таму што мне падавалася, што як гэта так, як жыць без гурта? І ўсё так склалася, што абставіны прымусілі мяне працягваць далей займацца музыкай. Таму што “пёрла” і не хацелася складаць рукі”.

Пачынае свята ў брэсцкім клубе “Сфера” мінская каманда “Мутнаевока”. Музыкі выконваюць свае "баевікі", уздымаюць чаркі за імяніннікаў ды паліваюць іх шампанскім.

Адмыслова да юбілею “Дай Дарогу!” не рыхтуюцца. Яны, як сапраўдныя зоркі, дазваляюць сабе экспромт: успамінаюць, як усё пачыналася — “Мама на работе”, прысвячаюць дзяўчатам “Переночевать”, хлопцам “Армию”. На “20 см” Юра традыцыйна здымае штаны і ўвогуле абяцае, што гурт будзе граць, пакуль яго не пагоняць са сцэны. Так яно, у рэшце рэшт, і адбываецца. Праўда, у гэты момант прыхільнік гурта робіць прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне прама на сцэне. І Дзень нараджэння “Дай Дарогу” заканчваецца пад крыкі “Горка”!

"Мы дасягнулі прызнання сярод публікі, народ нас палюбіў, — пералічвае заслугі гурта Стыльскі. І гэта так добра, калі ты займаешся любімай справай і да таго ж запатрабаваны".

У бліжэйшы час “Дай Дарогу” прадставяць публіцы трэці акустычны альбом, а таксама "The Best", прымеркаваны да 15-годдзя гурта.

Фота: alternative-by.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі