Вы тут

На Віцебшчыне былую прастытутку затрымалі па справе аб гандлі людзьмі

redcross.by

На Віцебшчыне затрымалі былую прастытутку, якая займалася вярбоўкай жанчын для працы ў польскім бардэлі. Паводле звестак аператыўнікаў, раней судзімая беспрацоўная 49-гадовая жыхарка Браслава раней сама цягам 15 гадоў працавала ў Польшчы ў сферы інтымных паслуг і пазнаёмілася з жыхаром гэтай краіны.

Разам яны арганізавалі бардэль, замаскіраваўшы яго пад масажны салон, таму працяглы час не мелі праблем з паліцыяй.

Ахвотных падзарабіць прастытуцыяй яна шукала ў Віцебскай вобласці сярод жанчын з праблемных сем'яў, якія злоўжывалі алкаголем і мелі пазыкі. Гаспадыня бардэлю брала на сябе выдаткі па аплаце іх пазык, афармляла дакументы і ўцягвала ў новыя пазыкі.

Падазраваную затрымалі падчас спробы вывазу 27-гадовай дзяўчыны. Распачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт. 171 КК (арганізацыя і выкарыстанне занятку прастытуцыяй, звязанае з вывазам па-за межы дзяржавы).

Цяпер праваахоўнікі выяўляюць ахвяр злачыннай дзейнасці і шукаюць магчымых саўдзельнікаў. Як адзначае прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама, ад пачатку года гэта ўжо чацвёрты канал паставак жывога тавару за мяжу, выкрыты міліцыяй.