На судзе над маці, якая збіла сына да смерці, выступілі сведкі

Брэсцкі абласны суд працягвае разгляд справы аб забойстве 5-месячнага Сашы. Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года яго жорстка збіла 20-гадовая маці. Дзіця было шпіталізаванае з цяжкімі траўмамі галавы, з пераломам пляча. Выратаваць яго не ўдалося, Саша памёр. Жанчыну затрымала міліцыя. На яе пачалі крымінальную справу за забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, учыненае з асаблівай жорсткасцю.

20-гадовы муж абвінавачанай Мікалай, бацька Сашы, праходзіць у справе як пацярпелы.

У першы дзень на судзе былі агучаныя траўмы, якія атрымала дзіця. У жыццёва важныя органы было нанесена не менш за дзевяць удараў. Абвінавачаная распавяла, што свайго бацьку ніколі не бачыла, жыла з маці і дзядулем. З Мікалаем пазнаёмілася ў сакавіку 2013-га, а ў лютым 2014 года яны распісаліся, у чэрвені нарадзіўся Саша. Жыць з маці і дзядулям яны не змаглі — рэгулярна ўзнікалі сваркі, і яны знялі кватэру.

Па словах Мікалая, у ноч трагедыі, калі ён быў на працы ў начную змену, Наталля з маці адзначыла наваселле — на дваіх выпілі дзве бутэлькі гарэлкі. Пасля маці пайшла дахаты, а Наталля засталася з сынам. Яна распавядала ў судзе, што дзіця плакала і ніяк не супакойвалася. Яна брала яго на рукі, кідала на канапу, некалькі разоў стукнула далонню ў твар, кідала зноў, брала за руку і перакідвала з канапы на ложак...

11 сакавіка ў зале выступалі сведкі.

Лекар дзіцячай паліклінікі, на участку якой было зарэгістраванае дзіця, паведаміла, што прэтэнзіяў да абвінавачанай пасля нараджэння дзіцяці не было. Жанчына як маці рабіла добрае ўражанне, а ўмовы нагляду за дзіцем былі задавальняючымі. Па словах лекаркі, яна ніколі асабіста не бачыла абвінавачаную нападпітку і не заўважала што-небудзь падазронага ў яе паводзінах.

З цалкам супрацьлеглай, негатыўнай характырыстыкай выступіў брат пацярпелага Дзяніс. Мужчына прызнаўся, што ад першага дня знаёмства абраніца брата яму не спадабалася, таму ўвесь час быў з ёй "на нажах". Па словах Дзяніса, жанчына любіла "і выпіць, і пагуляць". Калі ў жніўні 2014 года яна жыла на вёсцы ў іх бацькоўскім доме, магла дзеля п'янкі з сяброўкай пакінуць немаўля на непаўналетнюю сястру пацярпелага. Мужчына прыгадаў выпадак, калі на чарговую пагулянку нявестка скрала ў яго грошы. На пытанне суддзі жанчына прызнала, што сапраўды такое было. На думку Дзяніса, для Наталлі гэта было непажаданае дзіцё і яна яго пакінула, каб захаваць шлюб.

Выступілі ў судзе як сведкі і супрацоўнікі хуткай дапамогі, якія прыехалі на месца здарэння па выкліку бацькі. Пры даглядзе яны выявілі гематомы на твары непрытомнага дзіцяці і прыкметы чэрапна-мазгавой траўмы. Маці тады не прызналася медыкам ў тым, што адбылося. Адметна, што калі было вырашана тэрмінова шпіталізаваць дзіця, з дактарамі ў лякарню паехаў бацька, а не маці.

Дарэчы, як сведка ў залу суда была запрошаная і родная маці абвінавачанай, аднак яна адмовілася даваць сведчанні.

Працяг суда — 12 сакавіка.

У Брэсце пачаўся суд па справе аб забойстве дзіцяці, якога збіла маці

Фота — novobel.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі