На польска-ўкраінскай мяжы чакаюць Міхаіла Саакашвілі (абнаўляецца)

На польска-ўкраінскай мяжы чакаюць Міхаіла Саакашвілі (абнаўляецца)

12.40 У пункце пропуску “Кракавец” на польска-ўкраінскай мяжы затрымалі актывістку Femen, якая прыйшла сустракаць Міхаіла Саакашвілі.

Як паведамляе Грамадскае, дзяўчына была паўаголенай і стаяла на трасе перад пунктам пропуску, трымаючы ў руках партрэты прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. На целе актывісткі быў надпіс па-англійску: “Дурні без межаў”.

Фота: strana.ua

На польска-ўкраінскай мяжы чакаюць Міхаіла Саакашвілі, які ўчора абвясціў у сацыяльных сетках пра сваё вяртанне ва Украіну. Там сабраліся прыхільнікі палітыка, пазбаўленага ўкраінскага грамадзянства. Як перадае Грамадскае, некалькі тысяч чалавек разбілі намётавае мястэчка ля пункту пропуску “Кракавец”, праз які Саакашвілі мае намер прыехаць ва Украіну з Польшчы прыкладна ў 13.00.

Людзі хочуць таксама выказаць нязгоду з рашэннем украінскіх уладаў. Там прысутнічаюць прадстаўнікі УНСО, якія гатовыя абараняцца ад цітушак. Сведкі кажуць, што ў суседнім сяле шмат мужчын у цывільным характэрнага выгляду, якія могуць учыніць правакацыі.

Усю ноч у Кракаўцы дзяжурыла паліцыя. Калі ўдзельнікаў сустрэчы Саакашвілі стане болей, праваахоўнікі таксама абяцаюць падцягнуць дадатковыя сілы.

Сам ён знаходзіцца ў польскім Жэшаве, дзе ладзіць прэс-канферэнцыю. У гэты горад прыехалі некаторыя ўкраінскія палітыкі, якія хочуць падтрымаць Саакашвілі. Сярод іх Юлія Цімашэнка, Валянцін Налівайчанка і Віктар Чумак.

Экс-прэзідэнт Грузіі і экс-губернатар Адэскай вобласці Украіны Міхаіл Саакашвілі быў пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства 26 ліпеня ўказам прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Фармальнай падставаў стала падача ілжывых звестак пры атрыманні грамадзянства. Гаворка ідзе пра тое, што Саакашвілі не паведаміў пра заведзеныя на яго крымінальныя справы.

У момант пазбаўлення ўкраінскага грамадзянства Саакашвілі знаходзіўся ў ЗША і пазней неаднаразова абяцаў вярнуцца. У сярэдзіне жніўня ён абвясціў, што мае намер трапіць ва Украіну праз Польшчу.

Раней украінскія ўлады заявілі, што не пусцяць Саакашвілі ў краіну і забяруць у яго пашпарт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі