На палітвязня Парфянкова завялі новую справу

Васіль Парфянкоў распавёў Радыё Свабода, што 27 чэрвеня ён чарговым разам адзначаўся ў пастарунку і інспектар загадаў яму 28 чэрвеня прыйсці да следчага. На гэтай сустрэчы са следчым палітвязень і даведаўся пра новую справу.



Падставай для гэтага сталі два парушэнні: аднойчы Васіль пасля 20.00 выйшаў у краму, а другі раз — спазніўся да гэтага часу дадому. І хоць для завядзення справы патрэбныя тры парушэнні, фактычна пераслед можа пачацца пасля двух.



У траўні гэтага году Першамайскі суд Мінска пакараў Васіля Парфянкова штрафам у 3 мільёны рублёў за парушэнне прафілактычнага нагляду, які быў усталяваны за былым палітвязнем пасля адбыцця паўгода арышту ў Баранавіцкім арыштным доме. Суддзя Юры Гарбатоўскі, які і раней судзіў Васіля Парфянкова, прызнаў, што 11 траўня той парушыў умовы прафілактычнага нагляду, бо ў вечаровы час яго не было дома.





У канцы чэрвеня ў былога палітвязня павінен быў скончыцца тэрмін прафілактычнага нагляду.