На “духоўна-асветніцкім” кірмашы беларусам прадаюць кнігі пра "рускі мір"

На “духоўна-асветніцкім” кірмашы беларусам прадаюць кнігі пра "рускі мір"

14 кастрычніка ў выставачным цэнтры ў Мінску пачынаецца “духоўна-асветніцкая выстава “Пакроўскі кірмаш”. Сярод ікон, свечак і асвечанага мёду — прадукцыя “праваслаўных выдавецтваў”. На паліцах стэндаў звычайная для такой выставы прадукцыя: жыцці святых, Біблія і гэтак далей. І раптам…

Вока чапляецца за яркія вокладкі кніг з выявай Суворава, сцягамі Расійскай імперыі. Чытаю: “Слава России, заграничные походы русской армии и флота”, “За други своя, о русско-турецкой войне”. І выдадзенае гэта ўсё ў Беларусі, выдавецтвам Свята-Елісавецінскага манастыра. Мала ў нас літаратуры такога кшталту, што прывозяць сюды з Расіі, дык і самі пачалі выдаваць?

 
 
 

У выдавецтве Свята-Елісавецінскага манастыра каментаваць адмаўляюцца. Маўляў, пішыце запыт і атрымаеце афіцыйны адказ. Звяртаемся па тлумачэнні да старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Сяргея Лепіна.

“Рускі мір бывае розны, — разважае протаіерэй. — Ёсць рускі мір Ефрасінні Полацкай ці Кірылы Тураўскага, а ёсць рускі мір як пэўная палітычная дактрына, даволі агрэсіўная, і гэта зусім іншая справа. Таму трэба збірацца, глядзець, пра які канкрэтна “рускі мір” тут ідзе размова, і рабіць адпаведныя высновы”.

Тым не менш суразмоўца пагаджаецца: калі раней мы маглі нават увагі не звярнуць на кнігі такога кшталту на паліцах духоўных выдавецтваў, то пасля падзей ва Украіне гэтыя факты насцярожваюць.

“І я таксама лічу, — кажа Сяргей Лепін, — калі размова ідзе непасрэдна пра палітычную літаратуру, літаратуру, якая не мае ніякага дачынення да пропаведзі, да Евангелля, да гісторыі святасці, то такой літаратуры не месца на царкоўных паліцах”.

Як даведалася Еўрарадыё, пераважная большасць выдадзеных выдавецтвам Свята-Елісавецінскага манастыра кніг прадаецца ў Расіі. Менавіта на расійскага пакупніка найперш і разлічаныя вышэйзгаданыя кнігі. Маўляў, часы цяжкія, усім трэба зарабляць грошы, і каб было за што друкаваць жыцці святых, даводзіцца вырабляць прадукцыю такога кшталту. Вось толькі навошта ў такім разе прапаноўваць яе і беларускаму пакупніку? Бо такія кнігі, па нашай інфармацыі, ужо прадаюцца ў кніжных шапіках “праваслаўнай літаратуры”.

Сышоўшы з “Пакроўскага кірмашу”, забягаю на кніжны кірмаш, што месціцца тут жа, на тэрыторыі выставачнага цэнтра. І трапляю на аддзел, дзе прадаюцца майкі з выявамі расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, “ветлівых людзей”, Іосіфа Сталіна ды расійскія сцягі. Уражанні не самыя прыемныя. Тым больш што ў гэты ж дзень у Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Эдуардам Пальчысам. 25-гадовага блогера і заснавальніка сайта 1863х.com. абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці ці розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 
 
Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі