Ці забралі ў Фомачкіна падораную яму кватэру ў Маскве?

Ці забралі ў Фомачкіна падораную яму кватэру ў Маскве?

Андрэй Фомачкін стаў зоркай беларускага спорту, калі вынес на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды расійскі сцяг. Якім чынам чыноўнік Мінспорту, які адказвае за лыжныя віды, трапіў на летнюю Паралімпіяду ў Бразілію, дакладна невядома. Але пасля гэтага ўчынку яго прозвішча даведаліся нават далёкія ад спорту людзі.

Асабліва праславіўся Андрэй Фомачкін у суседняй Расіі, дэлегацыю якой не дапусцілі да ўдзелу ў Паралімпіядзе ў поўным складзе праз допінгавыя скандалы. А прэзідэнт групы кампаній "Сапсан", былы расійскі аўтагоншчык Сяргей Шмакаў нават вырашыў падарыць беларускаму чыноўніку кватэру ў свежапабудаваным у Падмаскоўі жылым комплексе. "Я быў настолькі ўражаны яго ўчынкам, што вырашыў яму падзякаваць. Кватэру шукаў у прыгожым месцы, спецыяльна каб падарыць", — расказваў ён у каментары Еўрарадыё.

З кватэрай, праўда, узнікла праблема. Справа ў тым, што беларускія чыноўнікі не маюць права атрымліваць дарагія падарункі. А калі такое раптам здараецца, то яны (падарункі) павінныя быць перададзеныя дзяржаве. Аб гэтым гаворыцца ў законе "Аб дзяржаўнай службе".

З тым, што маскоўскую кватэру давядзецца аддаць дзяржаве, пагаджаліся і сам Фомачкін, і прадстаўнікі Мінспорту. Праўда, толькі спачатку. У канцы кастрычніка (перадача Фомачкіну сертыфікату на валоданне кватэрай адбывалася ў Маскве на пачатку кастрычніка, падзея транслявалася ў жывым эфіры ў інтэрнэце на сайце РІА "Новости") у юрыдычным аддзеле Міністэрства спорту і турызму Еўрарадыё паведамілі, што не займаюцца гэтым пытаннем. А цяпер з Мінспорту на адрас рэдакцыі прыйшоў афіцыйны адказ, падпісаны першым намеснікам міністра А. С. Гагіевым. У ім гаворыцца, што Мінспорту пра маскоўскую кватэру свайго супрацоўніка... нічога не ведае:

Ці забралі ў Фомачкіна падораную яму кватэру ў Маскве?

"Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы ў межах кампетэнцыі ваш ліст ад 19 кастрычніка 2016 года, паведамляе, што па стане на 2 лістапада 2016 года не валодае звесткамі аб рэгістрацыі А. В. Фомачкіным кватэры ў Падмаскоўі ў жылым комплексе "Мелодыя лесу", правоў на яе і здзелак з ёй".

Пасля атрымання гэтага адказу рэдакцыя Еўрарадыё паспрабавала звязацца з Андрэем Фомачкіным і з Сяргеем Шмакавым. Аднак апошнія дзесяць дзён ні адзін з іх не адказвае на шматлікія тэлефанаванні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі