Сёння ў Маскве пройдзе сустрэча з беларускім чыноўнікам Фомачкіным

Сёння ў Маскве пройдзе сустрэча з беларускім чыноўнікам Фомачкіным

У панядзелак у Маскве пройдзе сустрэча з беларускім спартыўным чыноўнікам Андрэем Фомачкіным. Як мяркуецца, у прэс-цэнтры "РИА Новости" а 15-й гадзіне яму перададуць ключы ад падоранай кватэры. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава. Раней менавіта яна распавяла пра кватэру ў расійскай сталіцы, якую збіраюцца падарыць Фомачкіну (ён нёс дзяржаўны сцяг Расіі на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды).

"Пастаноўка пытання для мяне звыклая. Але ў гэты раз расійскі народ уразіў мяне ў самае сэрца... Прызнаюся, мяне не кожны дзень просяць дапамагчы падарыць камусьці кватэру. Усяго распавядаць не буду. Скажу толькі, што кватэра сапраўдная, у гатовым доме ― гэта я, натуральна, асабіста праверыла", ― паведаміла ў сваім акаўнце ў Facebook Захарава.

У панядзелак, 3 кастрычніка, у каментары Еўрарадыё прэс-служба Мінспорту Беларусі ўдакладніла, што кватэру Фомачкіну падораць не ў Маскве, а ў Мінску. Марыя Захарава ў размове з Еўрарадыё не змагла ўдакладніць, дзе знаходзіцца падораная беларускаму чыноўніку кватэра і колькі там пакояў. Паводле беларускага заканадаўства, супрацоўнікі міністэрстваў не маюць права прымаць падарункі і сувеніры, звязаныя з іх прафесійнай дзейнасцю, на суму больш за пяць базавых велічыняў (каля 50 долараў). Андрэй Фомачкін з'яўляецца супрацоўнікам Мінспорту, дзе курыруе лыжныя віды.

Сёння ў Маскве пройдзе сустрэча з беларускім чыноўнікам Фомачкіным
Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі