На БТ пажартавалі з міліцыі і помніка гарадавому (відэа)

На БТ пажартавалі з міліцыі і помніка гарадавому (відэа)

На тэлеканале "Беларусь 1" у шоу "Макаёнка, 9" пажартавалі з міліцыі і помніка гарадавому ў Мінску (ён стаіць на вуліцы Гарадскі Вал насупраць будынка МУС). На мінулым тыдні юнак, праходзячы міма скульптуры, стукнуў гарадавога па твары. Яго затрымалі, і хлопец прынёс прабачэнні на відэакамеру, што паказала Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля гэтага беларусы зладзілі ў Facebook флэшмоб салідарнасці.
 
16-гадовы хлопец, якога завуць Арсеній, у сваім прабачэнні казаў, што "ў гэтага помніка свая гісторыя, і я мог сваім учынкам яе забрудзіць". Гэтыя яго словы і абыгралі ў "Макаёнка, 9". Яны прааналізавалі, чаму гэта быў "не вельмі разумны ўчынак".

"Па-першае, неразумна біць помнік, з гэтым усе пагодзяцца, — гаварыў вядучы шоу. — Па-другое, яшчэ больш неразумна біць помнік проста насупраць МУС. Вы ведаеце, з такімі помнікамі лепш на ўсялякі выпадак павітацца. Як з суседам у ліфце, на выхадзе: "Прывітанне!". Ну а далей гісторыя набрала нечаканы ход. На YouTube-канале МУС, а такі канал ёсць... з'явілася відэа пра тое, як малады чалавек просіць прабачэння за свой учынак".

Было паказанае відэапрабачэнне юнака, пасля чаго вядучы працягваў: "Адразу відаць, што хлопец гаворыць шчыра. Напэўна, сам захацеў прынесці прабачэнні і напэўна гэта было яго абсалютна рашэннем. Увогуле мы падумалі, што ёсць куды больш вядомыя вандалы, якія славутыя сваімі непаважлівымі адносінамі да помнікаў".

На гэты раз паказалі голуба і наклалі голас Арсенія, які прыносіць прабачэнні за тое, што мог "забрудзіць" гісторыю помніка...

Помнік царскаму гарадавому ў Мінску ўсталявалі ў пачатку 2017 года і прымеркавалі гэта да 100-годдзя беларускай міліцыі. У сакавіку таго ж года мінскі анархіст Вячаслаў Касінераў накінуў пятлю на шыю скульптуры, на яго заводзілі крымінальную справу, у выніку аштрафавалі. У чэрвені сёлета помнік гарадавому ўпрыгожылі ЛГБТ-кветнікам. Удзельнікаў акцыі затрымалі і аштрафавалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі