Некаторых экс-палітвязняў пачалі выкрэсліваць са спісу "тэрарыстаў"
Палітвязні, ілюстрацыйнае фота / shutterstock / Fanni_2021
Імёны былых палітвязняў сталі прыбіраць са спісу "тэрарыстаў", які складае Камітэт дзяржбяспекі. За апошнія тыдні адтуль зніклі 12 імёнаў, заўважыла "Наша Ніва".
Гэта Дзяніс Сырэц, Віталь Жылінскі, Яўген Чуміла, Максім Ражкоў, Сяргей Кірыенка, Аляксандр Галуза, Мікалай Галалюк, Сяргей Савіч, Дзмітрый Удалееў, Кірыл Кузняцоў, Дзмітрый Богуш і Юрый Ташкінаў.
Выключэнне са спісу азначае, што з іх здымуць фінансавыя абмежаванні: яны змогуць адкрываць банкаўскія рахункі, купляць і прадаваць нерухомасць, афармляць на сябе сім-карткі.
Выданне падкрэслівае, што не варта шукаць тут палітычных паслабленняў. У адпаведнасці з законам, калі ў чалавека пагашаецца судзімасць па "тэрарыстычных" артыкулах, то і са спісу яго трэба выкрэсліваць.
Цяпер пад гэтую норму трапілі некаторыя палітвязні, вызваленыя па памілаванні ў жніўні і верасні 2024 года. У тых, каго судзілі па няцяжкіх палітычных артыкулах, судзімасць трымалася два гады.