Вы тут

На блакіроўцы сайта Legalize Belarus настаяла міліцыя

Калаж: Еўрарадыё

17 мая ў Беларусі абмежаваны доступ да сайта грамадскай кампаніі Legalize Belarus, актывісты якой дамагаюцца дэкрыміналізацыі наркатычнага заканадаўства. Як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве інфармацыі, на блакаванні настаяла МУС.

— [Сайт заблакаваны] на падставе апавяшчэння з Міністэрства ўнутраных справаў.

Еўрарадыё: А за якія канкрэтна парушэнні?

— За прапаганду ўжывання наркатычных сродкаў.

Кампанія Legalize Belarus ставіць сваёй мэтай "шляхам адукацыі і асветы прасоўваць навуковую інфармацыю і спрыяць адказнаму стаўленню грамадзтва да псыхаактыўных рэчываў, якія кантралююцца дзяржавай, а таксама да іх спажыўцоў". Таксама актывісты кампаніі дамагаюцца дыферэнцыяцыі пакаранняў за парушэнні закона, звязаныя з абаротам кантраляваных рэчываў у Беларусі, і адмены крымінальнага пераследу за захоўванне псіхаактыўных рэчываў у малых колькасцях.

Цікава, што мэты актывістаў Legalize Belarus ў некаторай ступені супадаюць з пазіцыяй Аляксандра Лукашэнкі. 22 траўня, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, кіраўнік дзяржавы  патрабуе "строга дыферэнцыяваць" адказнасць спажыўцоў і пастаўшчыкоў наркотыкаў за здзейсненыя імі злачынствы. Але не блакаваць жа цяпер з-за гэтага сайт president.gov.by?