Вы тут

МЗС Украіны запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць украінца Феранца

МЗС Украіны / РИА Новости

Міністэрства замежных спраў Украіны лічыць палітычна матываванай справу ўкраінца Міхаіла Феранца, асуджанага ў Беларусі, і патрабуе вызваліць яго, паведамляе прэс-служба ведамства.

У панядзелак суд Заводскага раёна Мінска асудзіў грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца на 3 гады пазбаўлення волі за "ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і наўмыснае пашкоджанне маёмасці". Пры гэтым 7 месяцаў, якія Феранец адбыў у СІЗА, не былі залічаныя ў агульны тэрмін пакарання.

"Дакладных доказаў віны грамадзяніна Украіны ў судзе прыведзена не было. Сваю віну Міхаіл Феранец не прызнае і праз адваката плануе падаваць апеляцыю. Вядомы беларускі праваабарончы цэнтр "Вясна" прызнаў яго палітвязнем", — заявілі ў МЗС Украіны.

Украінскае знешнепалітычнае ведамства запатрабавала неадкладна вызваліць Феранца і заявіла, што працягне абараняць яго інтарэсы ўсімі даступнымі сродкамі.

МЗС Украіны ў чарговы раз заклікаў улады Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян, вярнуцца на шлях дэмакратычнага развіцця краіны, вызваліць усіх палітычных зняволеных і пачаць інклюзіўны дыялог з прыцягненнем усіх слаёў беларускага грамадства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.