Вы тут

МЗС Польшчы пра "НАТАўскую пагрозу": Лукашэнку варта баяцца толькі Расіі

Марцін Пшыдач на сустрэчы з беларускімі журналістамі / Еўрарадыё

Аляксандру Лукашэнку варта баяцца ваеннай пагрозы з боку Расіі, а не ад краін-членаў NATO. Пра гэта намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач заявіў на прэс-канферэнцыі з беларускімі журналістамі. Прадстаўнік МЗС Польшчы пракаментаваў перыядычныя заявы кіраўніка Беларусі пра недружалюбныя крокі NATO ля мяжы з Беларуссю. 

"Мне здаецца, што мова, якую выкарыстоўваюць улады Беларусі, — гэта мінулае стагоддзе. Ніхто ўжо ні ў Еўропе, ні ў свеце ў цэлым не кажа пра тэрытарыяльную цэласнасць. У цяперашні час і ў польскай дыпламатыі, і ў міжнароднай галоўнай мэтай з'яўляюцца адносіны ў сферы бізнесу, культуры, чалавечых адносін. Адзіная краіна ў гэтай частцы свету, якая ўмешваецца ў справы іншых краін, гэта Расія. На месцы спадара Лукашэнкі, калі б я і баяўся нейкіх сцягоў над дзяржаўнымі будынкамі ў Беларусі, то гэта хутчэй будуць сцягі Расіі", — заявіў Пшыдач.

Марцін Пшыдач нагадаў, што сілы альянсу ў рэгіёне маюць абарончы характар і былі разгорнутыя яшчэ да пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі.

"Нас, вядома, хвалюе, што да нашай мяжы сцягваюцца войскі. З нашага боку, вядома, няма ніякіх рухаў войскаў, але гэта не значыць, што мы не аналізуем сітуацыю, таму што наша ўсходняя мяжа і яе бяспека важныя для нас. Мы, напрыклад, назіралі за перакідкай войскаў з Віцебска ў Гародні. Будзем і далей назіраць за ўсімі гэтымі рухамі. Тым не менш, мы заклікаем улады Беларусі да таго, каб не абвастраць сітуацыю. Трэба памятаць, што Польшча — сябра NATO, найбуйнейшай вайсковай арганізацыі. І таксама не забываць пра пункт 5 статута НАТО, які коратка можна было б пераказаць дэвізам "Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго".

15 жніўня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб "нарошчванні ваеннага кампанента" ля заходніх межаў краіны і загадаў перакінуць Віцебскую дэсантна-штурмавую брыгаду ў Гродна.

"Мы вымушаныя былі адказваць, бачачы недружалюбныя крокі з боку блока NATO каля нашых межаў", — сказаў Лукашэнка 2 верасня і заявіў аб нібыта наяўнасці доказаў: перакідцы войскаў NATO да межаў Беларусі, у тым ліку самалётаў F-16.

На думку Пшыдача, такія заявы "Лукашэнка робіць, выключна каб трымаць у страху ўласны народ".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.