МЗС Беларусі ўвяло папярэдні запіс на апастыль з 5 красавіка

Міністэрства замежных спраў увяло папярэдні запіс на апастыль з 5 красавіка.

Запісацца можна будзе ў спецыяльны часопіс на посце аховы ў Галоўным консульскім упраўленні МЗС на вуліцы Карла Маркса, 37а. Запісвацца на прыём можна па працоўных днях з 10:30 да 12:00. У дзень можна запісаць не больш за 50 чалавек ці 150 дакументаў.

Іншагародніх заяўнікаў могуць прымаць як паводле папярэдняга запісу, так і ў парадку жывой чаргі — праз аднаго наведвальніка, запісанага на прыём. Для гэтага іншагароднім трэба будзе прад'явіць пашпарт з адпаведнай рэгістрацыяй.

Прыём дакументаў паводле папярэднім запісе будзе весціся па працоўных днях з 08:00 да 10:30; выдача дакументаў — з 15.00 да 16.00.

На пачатку сакавіка МЗС перапыніла прыём дакументаў на апастыль. Аднавіўся прыём толькі праз 11 дзён — 21 сакавіка. У выніку стварыліся доўгія шматгадзінныя чэргі. Мінскія міліцыянты нават гразілі людзям у чэргах адказнасцю за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Апастыль патрэбны для "легалізацыі" дыпломаў ды іншых дакументаў для працы і навучання за мяжой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.