Мядзведзеў пра выбары ў Беларусі: Расія гатовая працаваць з любой адміністрацыяй

Дзмітрый Мядзведзеў на парадзе перамогі ў Маскве / Reuters
Дзмітрый Мядзведзеў на парадзе перамогі ў Маскве / Reuters

Расія будзе працаваць з любой адміністрацыяй Беларусі, якой бы яна ні была пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, заявіў былы расійскі прэзідэнт і прэм'ер, а цяпер намеснік старшыні Рады бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв'ю "Комсомольской правде".

"Давайце дачакаемся вынікаў. Рашэнне за народам Рэспублікі Беларусь. Гэта так, як з Трампам. Народ дасць адказ на пытанне аб тым, хто будзе кіраваць дзяржавай. Беларусь — гэта асаблівая для нас краіна, наш саюзнік. Але вяртаючыся да той жа Амерыкі, каго б ні выбралі, Расія як адказны міжнародны партнёр, як пастаянны чалец Савета Бяспекі, як ядзерная дзяржава, буйная эканоміка будзе працаваць з любой адміністрацыяй. Мы заўсёды з гэтага зыходзілі", — падкрэсліў Мядзведзеў.

Па яго словах, цяперашні канфлікт Беларусі з Расіяй — "гэта, хутчэй, чаканні ўсялякага роду недружалюбных нам сіл, выказванні розных палітолагаў". Расійскі палітык нагадаў, што ў краін "асаблівыя, саюзніцкія адносіны".

"У нас саюзная дзяржава. Мы інтэграцыяй займаемся. Так, гэты працэс ідзе няпроста. Так, мы спрачаемся часам па цэнах на газ, нафту, нейкія там крыўды ўзнікаюць. Але ў цэлым гэта рабочы працэс. Мы з беларусамі, па сутнасці, адзін народ. Гэта вельмі блізкія нашы сябры. Я спадзяюся, што ўсё будзе ў парадку".

Дарэчы, менавіта Мядзведзеў у свой час заявіў, што Беларусь можа разлічваць на дапамогу Расіі толькі ў выпадку паглыбленай інтэграцыі. Пасля гэтага краіны ўзгаднялі "дарожныя карты", але не знайшлі паразумення па пытаннях цэнаў на нафту і газ. На думку Уладзіміра Пуціна, для таго каб Беларусь атрымлівала газ па "смаленскай" цане, неабходнае зліццё дзяржаў у сферы падаткаабкладання, датацыйнай палітыкі, падтрымкі бюджэту розных узроўняў тых ці іншых галін і стварэнне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. Пакуль Лукашэнка на такія ўмовы не пагадзіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі