Мядзінінкай застаецца зачыненым: мігрант пераначаваў у нейтральнай паласе

Пункт пропуска Мядзінінкай / mlyn.by
Пункт пропуска Мядзінінкай / mlyn.by

Памежны пераход Мядзінінкай на беларуска-літоўскай мяжы застаецца закрытым, піша літоўскае агенцтва BNS.

Пераход закрылі ў суботу пасля таго, як у Літву па меркавана падробленым дакументам паспрабаваў заехаць грамадзянін Пакістану. Паводле слоў літоўскіх памежнікаў, мужчына падаў для праверкі падробленыя румынскія кіроўчыя правы і румынскае пасведчанне асобы.

Літоўскі бок адмовіў мужчыну ў перасячэнні мяжы, але беларускі бок адмаўляецца прыняць яго назад на сваю тэрыторыю.

“Мужчына стаіць поруч з дарогай <...>. Часам ён кладзецца на асфальт. Там ён пераначаваў, памежнікі далі яму воды, прапанавалі ежу, а Беларусь працягвае яго не пускаць", — цытуе BNS прадстаўніка памежслужбы Літвы Гедруса Мішуціса.

Паводле яго словаў, сітуацыя каля памежнага перахода нармальная, чэргаў з машын няма.

“Памежнікі стаяць на пасту і скіроўваюць аўтамабілі ў іншыя кропкі. Колькасць грузавікоў у зонах чакання такая ж, як і ўчора раніцай", — кажа Мішуціс.

Рух транспарта ў пункце пропуску быў спынены ў суботу каля гадзіны дня. З гэтага часу заезд на тэрыторыю пункта пропуску і і выезд з яго дазволены толькі маршрутным аўтобусам з літоўскімі нумарамі і дыпламатычнаму транспарту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі