Мы не павінны былі выйсці жывымі — Зінгман зноў выказаўся пра затрыманне ў Конга

Аляксандр Зінгман з кіраўніком Афрыканскага экспартна-імпартнага банка Бенедыктам Арамай на выставе "Белагра" / асабісты архіў
Аляксандр Зінгман з кіраўніком Афрыканскага экспартна-імпартнага банка Бенедыктам Арамай на выставе "Белагра" / асабісты архіў

Беларускі бізнесовец Аляксандр Зінгман даў вялікае інтэрв'ю парталу TUT.BY, у якім расказаў пра сябе, свой бізнес, стасункі з Віктарам Шэйманам і затрыманне ў Конга, дзе яго западозрылі ў гандлі зброяй.

Па словах Зінгмана, пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута ён з'ехаў у ЗША ўслед за бацькам, які вырашыў эміграваць. Там атрымаў грамадзянства і яшчэ адну адукацыю — адвучыўся ў Чыкагскім універсітэце па спецыяльнасці "бізнес-менеджмент".

Затым быў вопыт працы ў Расіі — Зінгман, па яго словах, супрацоўнічаў "з сур'ёзнымі людзьмі, якія займаліся дрэваапрацоўкай, піламатэрыяламі ў Хабараўскам краі". Калі ў Хабараўску пачаліся заказныя забойствы, Зінгман вырашыў перабрацца ў Беларусь.

Тут ён ажаніўся, спачатку адзін раз, потым другі. У абодвух шлюбах у яго ёсць дзеці. Уласна, для сваёй вялікай сям'і ён і скупляў участкі ў Раўбічах.

"Усё гэта я набываў на другасным рынку, у ранейшых гаспадароў, за свае заробленыя грошы. З усіх даходаў я заплаціў падаткі ў Беларусі. Сельсавет мне ніякіх участкаў за проста так не вылучаў, грошы я не краў. Цяпер у гэтых дамах жывуць мая сям'я, мае дзеці, бацькі жонкі. То бокгэта прыватная тэрыторыя. Таму я здзіўляюся, калі нехта ўрываецца ў асабістую прастору, запускае дрон над участкамі", — кажа ён.

Мы не должны были выйти живыми — Зингман снова высказался о задержании в Конго
Дом Аляксандра Зінгмана ў Раўбічах / TUT.BY

Афрыканская тэма паўстала, калі Зінгман ужо жыў у Беларусі — па яго словах, сябры запрасілі яго злётаць на бізнес-форум.

"Я адгукнуўся на гэтую прапанову, па вялікім рахунку, як турыст. Было цікава паглядзець, што там ды як. Ну які ў Афрыцы можа быць бізнес, думаў я. Але ў выніку гэты кантынент нейкім чынам крануў маю душу. Як гаворыцца, Афрыку можна пакінуць, але Афрыка цябе не пакіне ніколі", — растлумачыў сваю цікавасць да гэтага кантынента бізнесовец.

Ён настойвае, што займаецца толькі пастаўкамі сельскагаспадарчай тэхнікі. І не згодны са сцверджаннем, што за тэхніку плаціць беларускі бок. Хоць для ажыццяўлення ўгоды беларускі Банк развіцця набыў 1,59% акцый Банка развіцця і гандлю Афрыкі (TDB) і адкрыў гэтаму панафрыканскаму банку крэдытную лінію ў памеры 70 мільёнаў долараў.

"Канчатковыя пакупнікі ўзаемадзейнічаюць з TDB, які і бярэ ўсе рызыкі па вяртанні грошай на сябе. Банк развіцця Беларусі ў сваю чаргу выдае крэдыт TDB, які ў разы буйнейшы за беларускі і мае вельмі высокі сусветны рэйтынг. Гэта значыць рызыкі зведзеныя да мінімуму", — тлумачыць свой погляд на сітуацыю Зінгман.

Мы не должны были выйти живыми — Зингман снова высказался о задержании в Конго
Аляксандр Зінгман з партнёрамі / rweyunga.blogspot.com

Пра свае адносіны з кіраўніком Упраўлення справамі прэзідэнта Віктарам Шэйманам Зінгман расказаў вельмі каротка. Паведаміў, што пазнаёміліся пару гадоў таму — "пасля таго, як Віктара Уладзіміравіча Шэймана прызначылі адказным за супрацоўніцтва з краінамі афрыканскага кантынента". І далей развіваць гэту тэму не стаў.

Па словах Зінгмана, ён здагадваецца, чаму яго затрымалі. Але агучваць сваю версію не стаў.

"Я збіраюся пасля вяртання ў Беларусь заняцца гэтым пытаннем. Таму што мне і маёй сям'і пагражала вялікая небяспека. Маёй бізнес-рэпутацыі нанесеная велізарная шкода", — сказаў ён.

Паводле яго слоў, "мы не павінны былі выйсці [з СІЗА ў ДРК] жывымі. У найлепшым выпадку — інвалідамі. У нашых камерах было шмат малярыйных камароў. Адзін чалавек, які быў з намі, сур'ёзна захварэў".

Калі яго адпускалі, сказалі, што прэтэнзій няма і Зінгман можа вярнуцца ў краіну ў любы час. Ён перакананы, што сітуацыю "стварыў не афрыканскі бок", і збіраецца і далей "прасоўваць у Афрыку беларускую прадукцыю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі