“Муж? Напэўна, ёсць…”: Што зборшчыкі подпісаў ведаюць пра кандыдатаў

23 ліпеня — першы дзень збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. На невялікім участку ля ГУМа і “Цэнтральнага” ад раніцы ажно тры пікеты. Пытаюся ў людзей, якія збіраюць подпісы, чаму яны тут і што ведаюць пра сваіх кандыдатаў.

Лукашэнка

Спачатку падыходжу да пікета Лукашэнкі. У ім ажно пяць чалавек — самы галоўны сядзіць на стуле і дапамагае людзям падпісвацца. Яшчэ двое стаяць за яго спіной. Рэшта на ходніках заклікае мінакоў не праходзіць міма. Выбіраю ахвяру і адразу задаю самае правакацыйнае пытанне:

— Скажыце, калі ласка, што вы можаце расказаць пра Аляксандра Рыгоравіча?

— А як вас завуць?

— Аляксандр.

— Аляксандр, Алесь, значыць. Алесь, вы такія дзіцячыя пытанні задаяце, нават смешна.

— Ну чаму? Вось які заробак месячны ў Аляксандра Рыгоравіча?

— Думаю, ён павінен народу дэкларацыю паказаць. Менавіта перад намі ён не павінен гэтага гаварыць, адказваць. Мы пра Лукашэнку ведаем усю тую інфармацыю, якая з’яўляецца агульнавядомай. Імаверна, яго заробак стане вядомы падчас выбарчай кампаніі. Мне здаецца, гэта адкрытыя дадзеныя. А пакуль толькі збор подпісаў за грамадзяніна Лукашэнку. Мы тут не агітуем.

— Добра. А тады, можа, хоць пра праграму можаце расказаць?

— Пра праграму… Ну, вы бачыце, я так разумею, што праграма ніяк кардынальна мяняцца не будзе. Яна будзе працягвацца ў тым жа кірунку, у якім цяпер усё гэта адбываецца.

— А як вы мяне можаце пераканаць у тым, што трэба падпісацца вось менавіта за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі?

— Вы не павінныя гэтага рабіць. Гэта справа выключна добраахвотная. Кожны грамадзянін мае магчымасць знаёміцца з усімі кандыдатамі. Вы толькі самі выбіраеце, за каго паставіць подпіс…

— Ну вось, на вашу думку, чаму мне лепш было б падпісацца за Лукашэнку, а не, напрыклад, Караткевіч? Чым ён лепшы за яе?

— Чаму?.. Прабачце, але гэтае пытанне па-за маёй кампетэнцыяй.

Не атрымалася ў мяне таксама даведацца, чаму зборшчыкі подпісаў за вылучэнне Лукашэнкі вырашылі збіраць іх менавіта за дзейнага кіраўніка краіны. Суразмоўца проста збег ад надакучлівага журналіста.

Караткевіч

За Таццяну Караткевіч подпісы збіраюць два чалавекі. Тут жа адразу можна пачытаць тэзісы праграмы, кароткую біяграфію без падрабязнасцяў. Зборшчык подпісаў амаль адразу збівае мой запал:

— Я вам шмат пра Таццяну Караткевіч не раскажу. Яна кандыдат ад “Народнага рэферэндуму”, а я з БНФ, Караткевіч не сябра нашай партыі, і дадзеныя я ведаю толькі тыя, якія яна сама нам дала.

— То бок вы пра Таццяну Караткевіч мала ведаеце?

— Я не скажу вам, дзе яна жыве, на якім паверсе і ці ёсць у яе балкон. Адукацыя вышэйшая. Нават вышэй. Яна ж выкладала, была выкладчыцай у гэтых… універсітэтах.

— Пра сям’ю нешта ведаеце?

— Ведаю, што мае дзіця. Сыну 12 гадоў. Ну, мабыць, яна і мужа мае дома. Але пра гэта яна чамусьці не напісала. Але я ўпэўнены, што ёсць.

— А чаму вы вырашылі менавіта за Караткевіч подпісы збіраць?

— Я грамадзянін, які прытрымліваецца дэмакратычных поглядаў. Я за ўладу дзеля народа, мы павінныя весці справы разумна. А гэтая жанчына ўяўляе лепшую палову чалавецтва. Я лічу, што Беларуссю павінная кіраваць жанчына. Бо дзе жанчына, там парадак.

Лябедзька

Лідар АГП на свой першы пікет да ГУМа прыйшоў асабіста, падпісвацца за сябе людзей агітаваў праз мегафон, прыводзячы ў захапленне дзяцей і злуючы пенсіянерак. Некаторыя мінакі карысталіся момантам і з Лябедзькам на ўсякі выпадак фатаграфаваліся — раптам і праўда прэзідэнтам стане. Подпісы за яго збіраюць аднапартыйцы. Ведаюць даволі шмат, але не без нюансаў.

— Скажыце, чаму вы тут?

— У мяне ўсё проста, я намесніца Анатоля ў партыі. Уваходжу ў кіраўніцтва.

— Ведаеце, якая адукацыя ў Анатоля Лябедзькі?

— Вышэйшая, гісторыя і французская мова.

— А дзе працаваў раней Анатоль?

— Працаваў… Вось тут напісана.

— Ці ведаеце, колькі ў месяц зарабляе ваш кандыдат?

— Ну колькі. Як сярэдні чалавек у краіне. Калі ў доларах, то прыкладна 500.

— Пра сям’ю ведаеце што-небудзь?

— Вельмі добрая сям’я. Сын ёсць. Ужо працуе, не вучыцца. Працуе ў прыватнай фірме, здаецца.

Зборшчыкі подпісаў за Анатоля Лябедзьку таксама расказваюць, што людзі падыходзяць ахвотна, некаторыя шкадуюць, што не маюць пры сабе пашпарта. Толькі адна бабулька была не зусім пазітыўнай, абазвала каманду АГП “пазнякамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі