МУС пакідае беларускім гасцініцам усяго 3 гадзіны, каб распавесці пра замежнікаў

МУС пакідае беларускім гасцініцам усяго 3 гадзіны, каб распавесці пра замежнікаў

З 1 кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў пакідае беларускім гасцініцам усяго тры гадзіны, каб распавесці пра замежных пастаяльцаў. Сёння гэты тэрмін складае 24 гадзіны.

Змены прадугледжвае новая рэдакцыя закона "Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь", якія набываюць моц 1 кастрычніка.

Змены датычацца ўзаемадзеяння міліцыі з гасцініцамі, санаторна-курортнымі і аздараўленчымі арганізацыямі, аграсядзібамі, а таксама юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія здаюць жыллё на суткі. Усе яны з 1 кастрычніка мусяць інфармаваць МУС пра сваіх замежных гасцёў у восем разоў хутчэй.

"З 1 кастрычніка 2017 года такая інфармацыя павінна перадавацца пры дапамозе інфармацыйных рэсурсаў (сістэм) Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ці адзінага партала электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы, ці з пасланцам", паведамляе сайт МУС.

МУС абавязала беларускія гасцініцы і іншыя ўстановы паведамляць пра турыстаў з-за мяжы крыху больш за год таму. За несвоечасовае паведамленне пра замежных пастаяльцаў міліцыя можа пакараць штрафам — ад 4 да 20 базавых велічыняў (92-460 рублёў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі