Вы тут

Мордар — гэта калі не мы: навошта мінскія хіпстары плачуць па тусовачнай вуліцы

Аўтазак на вуліцы Кастрычніцкай падчас Vulica Brasil / facebook.com/vulicabrasil

Любы андэрграўнд імкнецца стаць мэйнстрымам. І тусовочная вуліца Кастрычніцкая ў цэнтры Мінска не пазбегла гэтага лёсу. П'яны паўастравок імкліва ператвараецца ва "ўсенародную" вуліцу. Вось толькі рады гэтаму не ўсё.

Аказалася, што "тусовачная вуліца як у Еўропе" павінна быць такой толькі для прывілеяванага класа новых мінскіх мяшчан-буржуа. "Люмпенам" і "шкалаце", якія прыбылі ва ўтульны крафтавы рай, тут не месца. Але яны ўжо тут. Рэдактар 34mag лічыць, што "Мордар" ужо на Кастрычніцкай і адступаць няма куды — мутуюць усе.

Новапрыбылыя на Кастрычніцкую не адпавядаюць без сумневу высокім стандартам "новых гараджан" у музыцы і адпачынку. Не тыя каштоўнасці яны нясуць з сабой, не тую атмасферу! Новы клас мінскіх гарадскіх жыхароў хоча забаўляцца ў сваім "спажывецкім гета" без іх.

Не кожны можа стаць сваім

Vulica Brasil на вуліцы Кастрычніцкай / 34mag.net

"Новыя гарадскія" на парозе Святой вайны. Кажуць, да ўласнікаў устаноў, якія замахнуліся на іх Новы Іерусалім, ужо разасланыя ганцы. Ва ўтульным "Фэйсбучку" абмяркоўваюць, што рабіць з тымі, каго не клікалі: ласкава выштурхоўваць або жорстка п*здзіць.

У 2013 годзе Макс Старцаў, адзін з заснавальнікаў бара "Хуліган", казаў у інтэрв'ю, што яны будуць дэбашырыць і робяць бар для сваіх. "Але, вядома, кожны можа стаць сваім", — скончыў ён тады думку. Аказалася, што не кожны.

Кастрычніцкая больш не андэрграўнд. Цяпер яна мэйнстрым. Колькасць устаноў і людзей будзе толькі павялічвацца, а "якасць" будзе імкнуцца да масавых фарматаў.  

Андруха, у нас Кастрычніцкая! Магчыма, распіццё на вуліцы! Па конях!

Трэш на Кастрычніцкай быў заўсёды. У выхадныя начамі там заўсёды былі падлеткі, якія распівалі на вуліцы бухло, набытае ў краме. Там былі горы смецця. Там былі бойкі. Там білі *блы. Дзе збілі рэжысёра Купрыча? Гэтага проста стала больш, таму што на вуліцу цяпер прыходзіць больш людзей.

Калі вы прагнеце свабоды — то чаму ўсё часцей я чую заклікі выклікаць на Кастрычніцкую міліцыю і АМАП?

 

Аўтазак на Vulica Brasil / belsat.eu

"Я не разумею, куды глядзяць людзі і чаму там [на Кастрычніцкай] дагэтуль няма патрулёў увечары, штрафаў і камер", — абураецца дзяўчына, гледзячы на фатаграфію размаляванай цаглянай сцяны. Уладальнік некалькіх устаноў на Кастрычніцкай Улад Луневіч ужо заявіў, што ў дворыку каля яго закусачнай "Лаўкі" будзе ахова. А значыць, там будуць шманаць, выганяць і сачыць.

Той самы беларус, які нядаўна абураўся пры выглядзе аўтазакаў на цэнтральных вуліцах гарадоў, цяпер адчувае сябе няўтульна праз тое, што на вуліцы Кастрычніцкай мала міліцыі. Яму было б нашмат спакайней, калі б уезды на вуліцу перакрываліся, а па рагах былі расстаўлены дужыя маўклівыя хлопцы ў чорнай уніформе з надпісам "АМАП" на спіне?

Фатограф Сяргей Гудзілін прапануе больш радыкальныя меры: "Стварыць дружыны барадатых хлопчыкаў у белых кашулях. Звяраць брэнды на аўтэнтычнасць. Выдаляць непажаданыя плэйлісты. Адбіраць кантрафактныя JBL. Ладзіць грамадскае ганьбаванне ў сацсетках. Арганізоўваць маршы за эстэтычную прыгажосць вуліцы ў чацвяргі [з паходнямі]. Забараніць Максу Каржу здымаць кліпы на Кастрычніцкай".

 

Смецце ў дворыку на Кастрычніцкай / tut.by

Чакаем, калі на Кастрычніцкай навядуць "канстытуцыйны парадак". Ну і вядома, новая топчык-цытата: "Еўропа цэніць нашу краіну за чысціню". Таму мы зачышчаем тусовачную вуліцу. Але застаецца пытанне — дык як жа быць з "новым Берлінам"?

Уварванне і апрапрыяцыя

Метамарфозы, якія адбываюцца з Кастрычніцкай, я знаходжу вельмі цікавымі. Гэта ўсёпаглынальная хаатычная і анархічная інклюзія, уварванне і апрапрыяцыя гарадскіх прастор, барацьба за іх і дамінаванне над "новымі мясцовымі". Таму што тыя сталіся няздольныя неяк абараніць сваю тэрыторыю.

Калі б у нас усё было нармальна з гарадскімі даследаваннямі, тое, што адбываецца асэнсоўвалі б і абмяркоўвалі б на зусім іншым — не такім спажывецкім — узроўні. У гарадскіх медыя мы б убачылі сумесныя тэксты з антраполагамі, гісторыкамі і сацыёлагамі. Вось жывы матэрыял — у нас на вачах мяняецца гарадское асяроддзе. І трэба зразумець чаму.

Ніхто не паспрабаваў крытыкаваць або аналізаваць тое, што адбываецца на Кастрычніцкай, калі яе метамарфозы толькі пачыналіся. Усе працягвалі моўчкі назіраць за зменамі. Гэта было пачаткам канца той "Кастрычніцкай", пра якую са слязінкай на шчацэ гаворыць аўтар 34mag.

 

Кастрычніцкая пасля начных тусовак у 2016 годзе, яшчэ да "Мордара" / TUT.by

Класічная джэнтрыфікацыя цягне за сабой прыход больш буйных фінансавых гульцоў і больш заможных людзей з паступовым выцясненнем мясцовых, якія засталіся, і небагатых джэнтрыфікатараў.

Але ў выпадку з Кастрычніцкай мы бачым, як ажыўленне вуліцы і стварэнне там патрэбнай інфраструктуры прывяло да эфекту, калі наведвальнікамі вуліцы сталі не толькі "новыя гарадскія". Калі вуліца сапраўды стала ўсенароднай і ператварылася ў "Мордар" — яны раптам зразумелі, што самі і разбурылі свой рай. Калі ў гета прасачылася рэальная беларуская хтонь — нашы "новыя буржуа" чарговы раз спалохаліся "глыбіннага народа".

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.