Вы тут

“Моладзевы блок” ідзе ў парламент: “Гатовыя працаваць нават з БРСМ”

Злева направа: Ігар Брэк, Стас Шашок (кандыдат), Радзівон Чорны (актывіст), Аляксей Лазараў (кандыдат), Данііл Лаўрэцкі (кандыдат), Алана Гебрэмарыям (кандыдатка) / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

18 кастрычніка ў сталічным андэграўнд-бары “Karma” прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам кандыдатаў у дэпутаты ад “Моладзевага блока” і іх давераных асоб. ЦВК зацвердзіў усе 8 з 8 кандыдатур: маладыя палітыкі вылучаліся праз партыйныя спісы “Грамады”, так што збіраць подпісы ім было не патрэбна.

Сёння новаспечаныя кандыдаты прадставілі агульную для ўсіх перадвыбарчую праграму і расказалі пра законапраекты, якія збіраюцца прасоўваць у парламент.

Парламенцкія выбары пройдуць 17 лістапада 2019 года. Ад “Моладзевага блока” ўдзельнічаюць 8 кандыдатаў: Алана Гебрэмарыям (Грушаўская акруга №98), Станіслаў Шашок (Паўднёва-Заходняя акруга №99), Даніла Лаўрэцкі (Купалаўская акруга №95), Аляксей Лазараў (Каліноўская акруга №108), Яўген Караўлаў (Старавіленская акруга №105), Мікіта Краснакуцкі (Партызанская акруга №110), Міхась Варанцоў (Цэнтральная акруга №85 горада Магілёва) і Уладзіслаў Сыса (Усходняя акруга №3 горада Брэста).

Прызыў у войска

Асноўнай “фішкай” законапраекта мусіць стаць прынцып аднакратнасці адтэрміноўкі і бесперапыннасці адукацыі. То-бок любы малады чалавек будзе мець магчымасць прайсці, пры жаданні, усе ступені адукацыі. Але атрымаць другую “вышку” ці паўторна пайсці ў аспірантуру ўжо не атрымаецца: трэба адслужыць.

Аляксей Лазараў, Данііл Лаўрэцкі і Алана Гебрэмарыям

Адпрацоўка

Размеркаванне застаецца толькі для “сацыяльна значных спецыяльнасцей”. Сюды “Моладзевы блок” адносіць сферу аховы здароўя, адукацыю і сілавыя структуры. Акрамя гэтага, маладыя палітыкі прапануюць адмовіцца ад штрафаў, якія цяпер неабходна выплочваць пры адмове ад абавязковай адпрацоўкі пасля каледжаў і ўніверсітэтаў. Яшчэ адзін крок плануецца зрабіць насустрач тым студэнтам, якія атрымлівалі адукацыю на платнай аснове: статус “маладога спецыяліста” хочуць замацаваць і за імі.

Артыкул 328

Маладыя палітыкі выступаюць за частковую дэкрыміналізацыю “дробнага” спажывання. Адказнасць за наяўнасць адносна невялікіх доз лёгкіх наркотыкаў мусіць быць перанесена ў Адміністратыўны кодэкс, а ў якасці мер пакарання павінны прызначацца штрафы, арышт да 15 сутак ці папраўчыя працы. Дзеля гэтага прапануецца ўвесці тэрміны “нязначны” і “значны” памер наркотыкаў, якія дазволяць размежаваць адказнасць. Падобныя законы ўжо досыць даўно працуюць у суседніх краінах — Расіі і Польшчы.

Станіслаў Шашок і Радзівон Чорны

Сярод шматлікіх прапаноў, датычных змены артыкула 328, дакумент маладых палітыкаў прадугледжвае, напрыклад, размежаванне адказнасці паміж рэальнымі “дылерамі” і тымі, хто проста падзяліўся “касяком” з сябрам падчас вечарынкі. Яшчэ прапануецца выкрасліць з артыкула 328 такое паняцце, як “захоўванне з мэтай збыту”. На думку актывістаў, мэту збыту даволі часта вельмі цяжка даказаць. Да таго ж, нават мэта збыту яшчэ не яўляецца непасрэдна збытам, а значыць не мусіць карацца так жорстка. 

Голас моладзі

Маладыя кандыдаты ў дэпутаты падкрэсліваюць, што іх законапраекты не носяць рэвалюцыйны і “рэзкі” характар. Яны прапануюць толькі тое, што мае “здаровы сэнс і рэальны шанец на імплементацыю ў дзеючыя законы дзяржавы, а таксама тое, што зараз запатрабавана і цалкам рэальна”. Мэта актывістаў — данесці свае законапраекты і прапановы да шырокіх мас моладзі і іх бацькоў, менавіта на гэта і на будучыню мае прыцэл уся кампанія. 

Кандыдат у дэпутаты Даніла Лаўрэцкі

Агітацыю “Моладзевы блок” плануе весці праз інтэрнет-пляцоўкі і сацыяльныя сеткі. Актывісты абяцаюць, што ў хуткім часе распачнуць вялікую кампанію, дапамогу ў якой акажуць адразу некалькі мецэнатаў. 

Цікава, што за колькасць галасоў патэнцыйныя парламентарыі не надта турбуюцца: яны адмыслова былі высунутыя ў тых выбарчах акругах, дзе знаходзіцца вялікая колькасць навучальных устаноў, інтэрнатаў і дзе пражывае моладзь.

Калі галасоў выбаршчыкаў хопіць, каб патрапіць у парламент, прадстаўнікі “Моладзевага блока” пераконваюць, што гатовыя працаваць нават з БРСМ, калі ў такім узаемадзеянні будзе плён і здаровы сэнс.