Міжнародны паралімпійскі камітэт вывучае магчымыя санкцыі ў дачыненні беларусаў

Міжнародны паралімпійскі камітэт вывучае магчымыя санкцыі ў дачыненні беларусаў. МПК ужо высветліў асобу ўдзельніка беларускай дэлегацыі, які на цырымоніі адкрыцця Гульняў на стадыёне "Маракана" ў Рыа-дэ-Жанейра нёс расійскі сцяг (расійскіх паралімпійцаў да Паралімпіяды не дапусцілі), напісаў у Twitter журналіст АР Мэт МакГіхэн.

Як інфармавала Еўрарадыё, яшчэ ў жніўні з'явілася інфармацыя, што беларускія паралімпійцы могуць несці на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды сцяг Расійскай Федэрацыі. Міжнародны паралімпійскі камітэт забараніў гэта рабіць. Кіраўнік Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель тады заявіў, што беларусы будуць ісці толькі пад сваім дзяржаўным сцягам.

Мужчына, які быў у складзе беларускай дэлегацыі, паспеў прайсці з расійскім сцягам некалькі дзясяткаў метраў. Пасля гэтага ў яго адабралі сцяг. Міжнародны паралімпійскі камітэт праводзіць расследаванне. Якія будуць санкцыі, пакуль не вядома.

Афіцыйныя СМІ не ведаюць, як рэагаваць на скандал з беларускімі паралімпійцамі?