Вы тут

Мітрапаліт Веніямін — палітвязню Севярынцу: БЧБ-сцяг — не "сцяг Хрыста"

Мітрапаліт Веніямін / vitbichi.by

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Веніямін адказаў палітвязню Паўлу Севярынцу наконт спробаў прызнаць у нашай краіне бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім. Ліст змясціла ў Facebook жонка Паўла Вольга Севярынец. У сакавіку Севярынец напісаў мітрапаліту Веніяміну ліст з просьбай заступіцца за бел-чырвона-белы сцяг як хрысціянскі сімвал.

"Вы заклікаеце не дапусціць, каб б-ч-б сцяг быў прызнаны экстрэмісцкім, яго Вы называеце "бел-чырвона-белым сцягам Хрыста", — піша мітрапаліт. — ... Сімваламі ж Хрыста з'яўляецца Яго крыж і ікона".

Кіраўнік БПЦ прызнае, што "праваслаўныя архіерэі маюць на сваёй мантыі бел-чырвона-белыя палоскі". "Але дадзенае спалучэнне колераў тканіны стала выкарыстоўвацца... не з рэлігійнай, а з палітычнай мэтай", — піша ён.

"Нельга пагадзіцца з Вамі, што бел-чырвона-белы сцяг — "сцяг Хрыста", — працягвае тлумачэнне мітрапаліт Веніямін. — Хрыстос, Сын Божы і Сын Чалавечы, па-за палітыкай...".

Ён лічыць, што "каб б-ч-б сцяг не быў прызнаны экстрэмісцкім, бачыцца дастатковым не выкарыстоўваць яго для выражэння палітычных поглядаў".

Павел Севярынец — пісьменнік і апазіцыйны палітык, адзін з лідараў аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020 года. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Праваабаронцы прызналі Севярынца палітвязнем.

Павел Севярынец і бел-чырвона-белыя сцягі / З архіву Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.