"Міс грудзі" прапануе "Міс Мінск" адмовіцца ад тытула

23-гадовая выкладчыца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Тарнецкая выйграла трэці конкурс "Міс грудзі", які праходзіў у траўні 2012-га ў сталічным клубе Dozari. У якасці прыза атрымала пуцёўку на выспу Ібіца.



Цяпер жа яна выказвае словы падтрымцы Яне Канцавенка, якая сёлета перамагла на конкурсе "Міс Мінск 2013", вакол якога выбухнуў сапраўдны скандал.



У інтэрв'ю "Комсомольской правде в Беларуси" Юлія Тарнецкая гаворыць, што не бачыла дзённікаў конкурсу, не сачыла і за адборамі. "Зразумела, што ўвесь гэты бруд вылілі канкурэнткі і зайздросніцы, і вельмі шкада Яну, — кажа "Міс грудзі 2012". — Але калі так здарылася, то ёй лепш адмовіцца ад тытула, таму што спакойна ёй жыць не дадуць! Вядома, вінаватыя і арганізатары, трэба было ў кантракце прапісаць усе нюансы і больш якасна правяраць інфармацыю пра ўдзельніц!".



Юлія Тарнецкая лічыць, што "на месцы Яны магла б апынуцца любая іншая дзяўчына, якая любіць хадзіць па клубах" і што гэта "праблема нашай моладзі".

Фінал V конкурсу "Міс Мінск 2013" прайшоў 27 чэрвеня ў мінскім Палацы спорту. У ім прынялі ўдзел 27 дзяўчат, а галоўны тытул атрымала Яна Канцавенка. Амаль адразу ж пасля конкурсу Еўрарадыё адшукала ў інтэрнэце нясціплыя фота мінскай каралевы прыгажосці, а іншыя СМІ падабралі пікантнае дас’е на іншых прызёрак конкурсу. Сярод іх апынуліся стрыптызёркі і танцоркі go-go.

Скандал не сціхае ўжо тыдзень. Савет па маральнасці на чале з Мікалаем Чаргінцом збіраецца абмеркаваць сітуацыю і праверыць начныя клубы.

На тэлеканале СТВ у пятніцу, 5 ліпеня, прайшла нарада, на якой, нібыта, абмяркоўвалі варыянт пазбаўлення Яны Канцавенкі тытула Міс Мінск. Пра яе вынікі пакуль нічога невядома. Еўрарадыё звязалася з Янай Канцавенка, але яна адмовілася распавесці аб сённяшняй нарадзе.

 



 

Фота — БелаПАН, kp.by