Вы тут

Мінюст Беларусі ў шосты раз адмовіў у рэгістрацыі БХД

Міністэрства юстыцыі Беларусі ў шосты раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). Чыноўнікі выявілі ў дакументах "грубыя парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь". Чарговы ўстаноўчы сход БХД прайшоў у снежні 2015 года. Як інфармуе прэс-служба Мінюста, падчас выбарачнай праверкі шэраг грамадзян заявілі, што не з'яўляюцца заснавальнікамі і не ставілі сваіх подпісаў у дакументах. Некалькі чалавек у іх паўтараліся, пра некаторых заснавальнікаў былі пададзеныя "дадзеныя, якія не адпавядалі сапраўднасці". Да таго ж, не ўсе заснавальнікі з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

Мінюст сцвярджае, што хацеў атрымаць падрабязныя звесткі пра ўстаноўчы з'езд БХД, але іх так і не дачакаўся. Адзначаецца, што былі выяўленыя і "іншыя шматлікія парушэнні". На падставе гэтага і было адмоўлена ў рэгістрацыі партыі. Яе заснавальнікі могуць абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным судзе, інфармуе прэс-служба Мінюста. Аднак у кастрычніку 2015-га, падчас разгляду мінулай адмовы ў рэгістрацыі, суд заняў бок Мінюста.

У папярэдні раз чыноўнікі таксама знайшлі парушэнні ў дакументах, сцвярджалі, што некаторыя заснавальнікі адмовіліся ад сваіх подпісаў. БХД тады заявіла, што адмовы адбыліся пад ціскам мясцовых органаў улады.