Мінскія транспартнікі адмовіліся ад ідэі блакаваць валідатары падчас праезду
У мінскім грамадскім транспарце не будуць блакаваць валідатары і кампосцеры падчас руху. Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" паведаміў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "Сталічны транспарт і сувязь" Валерый Шкуратаў.
Як распавядала Еўрарадыё, 3 лютага "Мінсктранс" распавёў, што знайшоў новы спосаб змагання з "зайцамі": кампосцеры і валідатары ў аўтобусах будуць блакаваць праз 15 секундаў пасля ад'езду ад прыпынку. У грамадскім транспарце нават запусцілі гукавыя ролікі, якія папярэджваюць пра новаўвядзенне. Гэтая ініцыятыва выклікала хвалю абурэння ў мінчукоў. У інтэрнэце нават з'явілася петыцыя за адстаўку кіраўніцтва "Мінсктранса".
4 лютага стала вядома, што кіраўніцтва "Мінсктранса" загадала прыбраць з транспарту гукавыя ролікі.
"Мы як заказчык гэтую прапанову не падтрымалі. Сістэма аплаты праезду застанецца такой, як і была, пасажырам няма пра што хвалявацца", — пракаментаваў ініцыятыву дырэктар "Сталічнага транспарту і сувязі".
Дарэчы, менавіта гэтае дзяржпрадпрыемства выступае заказчыкам і рэгулятарам. Без ўзгаднення з ім ніякія змены ў працы гарадскога транспарту Мінска немагчымыя.
Таксама Шкуратаў пракаментаваў адмову да аплаты банкаўскай карткай за праезд. Па яго словах, гэтае рашэнне прынятае ў сувязі са скаргамі пасажыраў. "На жаль, практычна штодня паступаюць скаргі на тое, што з карткі пры аплаце адной паездкі грошы спісваюцца за некалькі. Пакуль гэта не будзе выключана, ужываць тэхналогію нельга. Сама ідэя добрая, але яе выкананне трэба ўдасканальваць", — патлумачыў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.