Мінскія кантралёры атрымалі права спыняць грамадскі транспарт паміж прыпынкамі

Мінскія кантралёры атрымалі права спыняць грамадскі транспарт паміж прыпынкамі

З 8 кастрычніка кантралёры “Агенцтва Мінсктранс” атрымалі права правяраць квіткі не толькі на прыпынках. Дагэтуль супрацоўнікі кантрольнай службы заходзілі ў грамадскі транспарт выключна на прыпынках. Цяпер жа яны могуць спыніць аўтобус, тралейбус і трамвай проста пасярод дарогі.

"Гэта звязана з тым, што мы не дабіраем плацяжоў ад рэалізацыі білетнай прадукцыі,  — расказаў Еўрарадыё намеснік начальніка кантрольнай службы “Агенцтва Мінсктранс” Леанід Ахраловіч. — Ёсць значная частка пасажыраў, якая не спяшаецца аплачваць. Гаворка пра тых, хто адзін прыпынак можа праехаць і без талончыка. Ці тыя, хто мае квіток, але яго не прабіваюць. Мы хочам гэтую сітуацыю пераламаць”.

Спыняць грамадскі транспарт будуць спецыяльным святлоадбівальнікам. Кіроўцы запусцяць кантралёраў праз пярэднія дзверы, а кампосцеры і валідатары на гэты час будуць адключаць. У першы час на маршруты выпусцяць больш вопытных кантралёраў.

“Мы пачнём з хуткасных і экспрэс-маршрутаў, — тлумачыць Леанід Ахраловіч.  — На першым месцы бяспека, і мы гэтую грань пераступіць не павінны. Не ў чыстым полі, на скрыжаванні ці перад "зебрай" [кантралёры будуць спыняць транспарт.  — Еўрарадыё], а ўстановім месцы  — прамежкавыя пункты, дзе спыняецца звычайны транспарт, а экспрэс праязджае”.

Кіраўніцтва прадпрыемства дадае, што пазбегнуць канфліктных сітуацый з пасажырамі наўрад ці атрымаецца, але тым, хто аплачвае праезд, баяцца няма чаго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі