Мінскіх школьнікаў палохаюць, што ўдзел у пратэстах ускладніць паступленне

Мірны пратэст у Мінску / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
Мірны пратэст у Мінску / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

"Каб яшчэ для вас не было навіной. З гэтага года ў нас будзе адзнака за паводзіны. Не як раней "задавальняючыя" або "незадавальняючыя", а адзнака, якая будзе падсумоўвацца ў ваш сярэдні бал. Натуральна, каб атрымаць ідэальную адзнаку, не павінна быць ніякіх дысцыплінарных спагнанняў. Вы ўжо досыць дарослыя людзі. Дысцыплінарная адказнасць — разумееце, што такое? Гэта адсутнасць разнастайных дзеянняў, спазненняў... Усё гэта фіксуецца і потым уплывае на гэтую выніковую адзнаку, якая будзе за чвэрць і гадавая. Чулі, так?"

Минских школьников пугают, что участие в протестах усложнит поступление
Гімназія №37 горада Мінска / yandex.by

У рэдакцыю Еўрарадыё перадалі запіс сходу, які, па словах крыніцы, прайшоў у мінскай гімназіі №37. Старшакласнікаў палохаюць наступствамі за ўдзел у вулічных пратэстах.

"Прыйшлі да вучняў і папярэдзілі: сёлета будзе ўведзена адзнака за паводзіны, якая будзе ўплываць на атэстат. Калі выходзіце на мітынг ці размяшчаеце інфармацыю ў сацсетках — адзнака дрэнная", — коратка пераказвае змест размовы наша крыніца.

 

Минских школьников пугают, что участие в протестах усложнит поступление

Дырэктар гімназіі Ірына Данянкова перадае праз сакратара, што ніякіх каментароў даваць не будзе, "таму што гэта неверагодная інфармацыя". У прыёмнай тлумачаць: "Фразы наконт мітынгаў не гучала. Дзяцей проста папярэдзілі, гэта робіцца штогод, каб не было правапарушэнняў".

У Міністэрстве адукацыі Еўрарадыё кажуць, што планаў, каб адзнака за паводзіны ўплывала на атэстат, у чыноўнікаў няма:

"Адзнака за паводзіны выстаўляецца, як і раней, у канцы тыдня. Але, каб яна ўплывала на атэстат, такога няма. Законы прымаюцца не на нашым узроўні. Ніякіх рэкамендацый у такім ключы мы не давалі. Так што тэлефануйце ў гімназію", — каментуе прэс-сакратар Людміла Высоцкая.

Пасля нашага званка з дырэктарам гімназіі пагутарыла намесніца начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая.

"Мне было сказана, што з навучэнцамі размаўлялі сацыяльны педагог і псіхолаг. Іх там няправільна зразумелі і трактавалі. Няма нічога такога, што мы выхаваўчы працэс... Нейкую адзнаку ставім у атэстат. Такога ў прынцыпе не можа быць ні па рэспубліцы, ні па горадзе", — расказвае яна Еўрарадыё. 

Але на перададзеным нам запісе з гімназіі мы чуем адваротнае:

"Асноўная ваша дзейнасць — навучальная. Вось яшчэ раз для вас нагадваю, што ў вас вучоба ў прыярытэце. Удзел у разнастайных санкцыянаваных, несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах не дапускаецца, асабліва непаўналетнім... Уліковая справа заводзіцца на год, і, адпаведна, гэты радок будзе прапісаны ў характарыстыцы. Таму не трэба правакаваць і не трэба ўмешвацца... Вы не ведаеце, што наўме ў дарослых людзей і чым гэта можа скончыцца. Не псуйце сабе біяграфію і не псуйце сабе характарыстыку".  

Даведаўшыся пра аўдыязапіс, Надзея Вялікая паабяцала, што, калі мы яго ёй дашлём, будзе разбірацца ў сітуацыі далей. І яшчэ, з ейных слоў, праводзіць у школе сходы на тэму ўдзелу навучэнцаў у мітынгах Мінгарвыканкам не даручаў наогул.

"Адзіныя падыходы да ўсіх патрабаванняў, — нагадвае ідэолаг. — Мы працуем па адукацыйнай праграме. Працуем сёння з дзецьмі ў звычайным рэжыме. Усё".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі