Мінскае "Дынама" ― у групавой стадыі Лігі Еўропы! (відэа)

Мінскае "Дынама" выйшла ў групавую стадыю другога па значнасці еўракубкавага турніру Ліга Еўропы. Беларускі клуб здолеў перамагчы "Рэд Бул" з Зальцбурга толькі па серыі пенальці. У матчы ў адказ аўстрыйцы перамаглі ў асноўны час 2:0 (першая гульня скончылася на карысць "Дынама" 2:0) і па суме двух матчаў лік стаў роўны ― 2:2.

У дадатковы час забітых мячоў не было і гульня перайшла ў серыю пенальці. Героем матчу стаў варатар блакітна-белых Аляксандр Гутар, які ратаваў цягам усёй гульні і выцягнуў у серыі адзінаццаціметровых тры ўдары гульцоў "Рэд Була".

У асноўны час аўстрыйцы мелі значную перавагу, "Дынама" не здолела нават нанесці ніводнага ўдару ў створ варот. Некалькі разоў ад паражэння з буйным лікам беларусаў ратаваў Гутар, яшчэ два галы не залічылі арбітры матчу з-за зафіксаваных аўт-сайдаў.

Падчас серыі пенальці толькі Уладзімір Карыцька не здолеў забіць, яго ўдар прыйшоўся на штангу. Бечырай, Бегуноў і Паліцевіч выканалі свае ўдары бездакорна. У сваю чаргу Аляксандр Гутар пацягнуў тры ўдары гульцоў аўстрыйскай каманды. Як вынік ― "Дынама" ў групе Лігі Еўропы!

Адзначым, што "Дынама" зарабіла ад УЕФА за выхад у групавы раўнд 2,8 мільёна еўра. Да гэтага сталічны клуб атрымаў 210 тысяч еўра за праходжанне 2-га кваліфікацыйнага раўнда, 220 тысяч за праходжанне 3-га раўнда. Разам з тым, на групавым этапе кожная перамога ацэньваецца ў 360 тысяч еўра, нічыя ― у 120 тысяч.

Нагадаем, другі беларускі клуб БАТЭ за выхад у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў зарабіў амаль 15 мільёнаў еўра. Гэта ўжо другі год запар, калі два беларускія клубы прабіваюцца ў групавыя раўнды еўракубкаў.

Лёсаванне групавога раўнда пройдзе 28 жніўня ў 14.00 па беларускім часе. "Дынама" трапляе толькі ў чацвёрты кошык.

Першы кошык: "Шальке", "Барусія" Дортмунд, "Базэль", "Напалі", "Тотэнхэм", "Аякс", "Вільярэал", "Рубін", "Атлетык", "Спортынг", "Марсэль", "Дняпро".

Другі кошык: "Брага," Фіярэнціна", "Лацыа", "Андэрлехт", "Ліверпуль", АЗ, "Вікторыя", "Бруге", ПАОК, "Селтык", "Бешыкташ", АПОЭЛ.

Трэці кошык: "Манака", "Спарта", "Фенербахчэ", "Легія", "Бардо", "Лакаматыў", "Лех", "Сэнт-Эцьен", "Слован", "Аўгсбург", "Рапід", "Краснадар".

Чацвёрты кошык: "Партызан", "Астэрас", "Русенборг", "Карабах", "Мельдэ", "Дынама" Мінск, "Гронінген", "Сьён", "Мідт'юланд", "Скендэрбеў", "Габала", "Беленсенеш".

Фота: derstandard.at

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі