Мінскае "Дынама" разграміла омскі "Авангард" — 6:2

Мінскае "Дынама" атрымала прыгожую перамогу ў чэмпіянаце КХЛ, пятую запар. 12 снежня на "Мінск-Арэне" быў абыграны омскі "Авангард" — 6:2 (2:1, 3:1, 1:0). Адзначым, што "Авангард" — лідар канферэнцыі "Усход".

Волкаў на 3-й хвіліне выводзіць гасцей наперад, але на 4-й Веске закідвае шайбу ў адказ, а на 16-й Кулакоў робіць лік 2:1 на карысць дынамаўцаў. На 23-й Чычу ў меншасці здзейсніў суперпраход і закідвае прыгожую шайбу — 3:1. Паршын на 32-й хвіліне скарачае разрыў у ліку, але на 34-й Мялешка ўдала падстаўляе клюшку на "пятаку" — 4:2. За 38 секундаў да другога перапынку дасягнуў мэты дальні кідок Крайчака ў большасці. На 56-й у меншасці ў пустую браму закінуў Элісан — 6:2! Браму мінчукоў у матчы надзейна абараняў Тэйлар.

Пасля 35 матчаў мінскае "Дынама" мае 61 ачко і займае 5-е месца ў канферэнцыі "Захад". Атрымана 20 перамог (з іх 17 у асноўны час), пацярпелі 15 паражэнняў, закінута 103 шайбы, прапушчана 91. Наступны матч дынамаўцы правядуць у нядзелю, 14 снежня, на сваёй пляцоўцы з "Барысам" з Астаны. Пачатак а 17-й гадзіне.

Фота — hcdinamo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі